viasna on patreon

У Беларусі каля 60 тысяч работнікаў прымусова адправілі ў адпачынак

2009 2009-03-20T17:49:01+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/federacyja_prafsajuzau_belarusi.jpg

Федэрацыя прафсаюзаў рэкамендавала сабе сачыць за тым, каб прадпрыемствы не звальнялі працаўнікоў ды не зніжалі ім заробкі. Але, як даведалася Еўрарадыё, ні дзяржаўныя прафсаюзы, ні Міністэрства працы ніякім маніторынгам становішча не займаюцца

Яшчэ 29 студзеня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пастанавіла назіраць за сітуацыяй на прадпрыемствах — бо крызіс. Але на сайце ФПБ гэтая рэкамендацыя з'явілася толькі 17 сакавіка.

ФПБ тлумачыць прафсаюзным актывам: асноўная мэта, каб людзей не звальнялі, не зніжалі заробкі, не пераводзілі на няпоўны працоўны тыдзень.

Еўрарадыё патэлефанавала па абласных аб'яднаннях прафсаюзаў і запытала, ці ведаюць яны, колькі людзей паскарачалі ды перавялі на няпоўны тыдзень. Вось што нам адказалі ў Магілёве:

Магілёўскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў: "Мы такую статыстыку не вядзем".

І ў Мінску:

Мінскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў: "Дакладных дадзеных у нас няма. Мы гэты ўлік не вядзем".

У Брэсце хаця б ведалі, што у студзені (!) 19 тысяч чалавек перавялі на скарочаны тыдзень. На пытанне пра больш свежыя дадзеныя развялі рукамі:

Брэсцкае абласное аб'яднанне прафсаюзаў: "Такой інфармацыі ў мяне няма зараз".

Лідэр недзяржаўнага Прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч назваў Еўрарадыё некаторыя лічбы.

Генадзь Фядыніч: "Паводле нашых разлікаў, за люты на няпоўны працоўны тыдзень было пераведзена амаль 45 тысяч работнікаў і каля 60 тысяч былі адпраўленыя ў адпачынак па ініцыятыве наймальніка. Колькасць прадпрыемстваў, якія адправілі сваіх супрацоўнікаў у адпачынак, складае 240-250".

Больш за ўсе недапрацоўваюць на Магілёўшчыне — у 45% прадпрыемстваў няпоўны працоўны тыдзень. У незалежных прафсаюзаў ёсць звесткі, што на Віцебшчыне плануецца скарачаць людзей на заводах "Маналіт" і "Эвістар".

— Мы задаемся пытаннем, чаму людзі не становяцца на ўлік беспрацоўных, — гаворыць Фядыніч. — Зараз дапамога па беспрацоўю складае 47,6 тысяч беларускіх рублёў. Гэта каля 20% бюджэта пражытковага мінімуму, 50 цэнтаў на дзень. Таму большасць займаецца нелегальнай працоўнай дзейнасцю.

У спадзяванні зверыць гэтыя лічбы з афіцыйнымі Еўрарадыё патэлефанавала ў Міністэрства працы. У службе "Адно акно" нас запэўнілі, што такая статыстыка вядзецца:

Адно акно: "Вядома ж, такая статыстыка вядзецца. Усё адсочваецца Дэпартаментам дзяржаўнай інспекцыі працы. Але я не думаю, што вам хтосьці нешта скажа".

У выніку амаль так і здарылася. Але ў Дэпартаменце дзяржаўнай інспекцыі працы нам адказалі, што ніякіх лічбаў няма:

"Такая статыстыка не вядзецца".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства