Незарэгістраваная “Наша Вясна” падала скаргу ў Вярхоўны Суд
Праваабаронцы, заснавальнікі ГПА “Наша Вясна”, 19 сакавіка падалі скаргу ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь на рашэньне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі.
Нагадаем, што 26 лютага 2009 года Мінюст прыняў рашэньне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” -- спадкаемцы ліквідаванага ўладамі Грамадскага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” падкрэсліваюць, што адмова ў рэгістрацыі носіць неабгрунтаваны і незаконны характар, з’яўляецца адкрытай праявай сістэматычнай дыскрымінацыі заснавальнікаў і сяброў арганізацыі па палітычных матывах, непавагай да правоў грамадзянаў краіны, а таксама парушае міжнародныя пагадненьні ў галіне правоў чалавека, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь.