Сталічныя медыкі не лічаць патрэбным абследваць вайскоўца-апазіцыянера
Пінскі актывіст Руху "За Свабоду" быў накіраваны на абследаванне ў Мінск, аднак сталічныя вайсковыя медыкі праводзіць дасканальнае абследаванне не лічаць патрэбным.
Яшчэ напярэдадні прызыву ў актывіста Ігара Салаўя былі выяўленыя праблемы з сэрцам. Яго нават не хацелі браць на службу, аднак ваенны камісар настаяў, каб яго ўсё-такі забралі ў войска.
Днямі вайсковая частка № 15994 накіравала юнака ў Мінск для шпіталізацыі. Аднак кардыярэўматолаг Клінічнага цэнтра Міністэрства абароны, паглядзеўшы кардыяграму, палічыў, што у дасканалым абследаванні няма патрэбы. Медык выпісаў толькі рэцэпт на лекі, якія Ігар Салавей мусіць рэгулярна прымаць. Цяпер актывіст мусіць вяртацца на месца службы.
Пры гэтым у вайсковай частцы да Ігара Салаўя ставяцца з большым разуменнем.
– На службе ў мяне ўсё добра. Камандзіры ставяцца нармальна. Да нас прыходзяць "Наша Ніва" і "Народная Воля", якія я выпісаў. У сувязі з маімі скаргамі на сэрца, мяне вызваляюць ад некаторых нагрузак, − кажа моладзевы актывіст.