Супярэчлівы адказ Пракуратуры або “Закон што дышла?”
“Палітычны” прызыў у беларускае войска актывістаў моладзевых рухаў акрамя вялікага грамадскага рэзанансу пакінуў пасьля сябе і шэраг юрыдычна-прававых пытанняў. Да прыкладу – затрыманьне і арышт напярэдадні прызыву ў войска актывіста Зміцера Хведарука.
Нагадаем, што 28 студзеня актывіста Маладога Фронту Зьмітра Хведарука затрымалі для адбыцця пакараньня ў выглядзе10 сутак зьняволеньня – менавіта такі прысуд быў вынесены Зьмітру за ўдзел у акцыі "Беларусь у Эўропу" 1 траўня. Адпаведная пастанова суду Цэнтральнага раёна Менска аб адміністрацыйным арышце датуецца 12 траўнем.
Аднак у артыкуле 13.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях дакладна вызначаныя тэрміны выкакананньня пакарання па адміністрацыйных справах – 3 месяцы. Простая арыфметыка: ад 12 траўня да 28 студзеня прайшло больш за восем месяцаў. Безумоўна на такое грубае парушэнне заканадаўства звярнуў увагу адвакат Павел Сапелка, якія абараняў інтарэсы Хведарука ў судзе. Ён накіраваў скаргу ў Пракуратуру Першамайскага раёна Менска на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў Першамайскага РУУс сталіцы.
Варта працытаваць вытрымкі з адказу пракуратуры, які падпісаў пракурор Першамайскага раёна А. Млявы, каб зразумець, наколькі яе пазіцыя ў гэтым пытаньні асьцярожная і хцівая, як часам кажуць, “і нашым – і вашым”:
“Пры указаных абставінах істотных парушэньняў заканадаўства, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу з боку супрацоўнікаў Першамайскага РУУС г Менска не выяўлена”.
Але ж далей паведамляецца, што “… у сувязі з дапушчанымі парушэннямі патрабаванняў арт. 13.6 ПІКаАП Рэспублікі Беларусь пракуратурай раёна накіраваная інфармацыя начальніку Першамайскага РУУС для прыняцця адпаведных мер, накіраваных на недапушчэнне падобных парушэнняў у далейшай рабоце.”
Таксама незразумела з адказу, якую інфармацыю накіравала пракуратура ў РУУС, прадпісаньне альбо нейкі прыватны ліст? Калі прадпісаньне – дык у РУУСе павінны неяк адрэагаваць, калі проста інфармацыю – дык проста прыняць да ведама.
Вось такое словаблудства нарадзілася ў нетрах Пракуратуры Першамайскага раёна. З аднаго боку – парушэньняў як быццам няма, а з іншага – ёсьць. Усё гэта нагадвае народную прымаўку пра дышла і закон. Але ж пракуратура тым самым прызнае факт незаконнага ўтрыманьня Зміцера Федарука пад вартай, хаця і саромеецца пры гэтым называць вінаватых.
Прынятае рашэньне будзе абскарджана ў Мінскай гарадской пракуратуры ў спадзяваньні, што будзе дадзена належная ацэнка дзеяньням работнікаў Цэнтральнага РУУС, а тыя ў парушэньні заканадаўства будуць пакараныя належным чынам.