Супрацоўніка польскага тэлебачаньня не пусьцілі ў Беларусь
25 жніўня на КПП “Брузгі” не пусьцілі ў Беларусь апэратара Польскага тэлебачаньня зь Беластоку Рамана Варшыцкага. Яму не патлумачылі прычыну і параілі зьвярнуцца па тлумачэньні ў Генэральнае консульства РБ у Беластоку. Праўда, спадару Варшыцкаму не скасавалі візу і не адабралі ў яго акрэдытацыю.
Аўтамабілем Польскага тэлебачаньня ў Горадню ехалі чатыры беластоцкія журналісты, ім паставілі пячаткі ў пашпартах, але потым надоўга затрымалі, спраўджвалі дакумэнты і багаж. У Рамана Варшыцкага пячатку ў пашпарце на ўезд у Беларусь потым анулявалі. Аб усім гэтым паведаміў ягоны калега Мікола Ваўранюк.
Раман Варшыцкі некалькі разоў прыяжджаў у Горадню асьвятляць канфлікт вакол Саюзу палякаў. 4 жніўня ўначы невядомыя прабілі два колы ў ягонай службовай машыне непадалёк ад гарадзенскага чыгуначнага вакзалу, паведамляе "Радыё Свабода"