“Вясновыя” фантазіі Мінюсту
11 сакавіка на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з’явілася інфармацыя “Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Наша Вясна", якую мы, заснавальнікі арганізацыі, не можам пакінуць без увагі.
У прыватнасьці, Мінюст тлумачыць, што “ў Міністэрства юстыцыі 26.01.2009 года паступілі дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Наша Вясна" (далей - ГПА "Наша Вясна").
Пад час вывучэння прадстаўленых дакументаў устаноўлены шэраг узаемных неадпаведнасцяў у частцы пададзеных у дакументах звестак. Спіс заснавальнікаў аб'яднання па шэрагу асобаў утрымліваў няпоўныя звесткі.
Улічваючы наяўнасць у прадстаўленых дакументах няпоўнай інфармацыі, Міністэрства юстыцыі дэталёва вывучыла акалічнасці, звязаныя з правядзеннем устаноўчага сходу па стварэнні ГПА "Наша Вясна". Высветлілася, што сход, у якім нібыта прымала ўдзел 67 чалавек, праводзіўся ў памяшканні плошчай 35 кв.м. З улікам наяўнасці ў памяшканні мэблі, аргтэхнікі і размяшчэння прэзідыума на кожнага ўдзельніка сходу павінна было б прыходзіцца меней 0,5 кв.м.
Такім чынам, устаноўчы сход па стварэньні ГПА "Наша Вясна" не праводзіўся ў складзе, паказаным у прадстаўленых у Міністэрства юстыцыі дакументах…
Устаноўлена таксама, што больш паловы ініцыятараў стварэння ГПА "Наша Вясна" прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, многія з іх - неаднаразова. Асобныя з ініцыятараў прыцягваліся таксама і да крымінальнай адказнасці. А ў дачыненні да аднаго з заснавальнікаў была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні). Акрамя таго, з прадстаўленых дакументаў вынікае, што на ўстаноўчым сходзе былі зацверджаныя мэты дзейнасці арганізацыі, не ўключаныя ў статут, што супярэчыць аднаму з асноўных прынцыпаў стварэння і дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў - прынцыпу галоснасці.
Маюцца іншыя парушэнні.
На падставе выкладзенага Міністэрствам юстыцыі 26.02.2009 г. было прынятае рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА "Наша Вясна".
Аб прынятым рашэнні ініцыятары стварэння аб'яднання праінфармаваныя ва ўстаноўлены законам тэрмін і могуць абскардзіць яго ў судовым парадку.
У сувязі з тым, што ў асобных СМІ з’явіліся інсінуацыі адносна прычынаў адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА "Наша Вясна", Міністэрства юстыцыі лічыць неабходным адзначыць, што ў Рэспубліцы Беларусь права грамадзян на свабоду аб'яднанняў гарантаванае Канстытуцыяй. Аднак рэалізацыя дадзенага права не павінна быць звязаная з парушэннямі заканадаўства або злоўжываннямі гэтым правам з боку ініцыятараў стварэння грамадскіх аб'яднанняў.”
Паведамленне Мінюсту для СМІ вымушае нас, заснавальнікаў Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна”, у чарговы раз заявіць: мы лічым адмову ў рэгістрацыі нашага аб’яднання абсалютна неправавым, дыскрымінацыйным і палітычна матываваным крокам уладаў, дакладна скіраваным на забарону нашай дзейнасці.
Аргументы, выкладзеныя Мінюстам, будуюцца на слоўных інсінуацыях і домыслах і ні ў якім разе не знаходзяцца ў рэчышчы юрыдычнай спрэчкі. Сцверджанне Мінюста аб тым, што ва ўстаноўчым сходзе не прымалі ўдзелу ўсе заснавальнікі аб’яднання, спасылаючыся на плошчу памяшкання, з’яўляецца надуманым і непрафесійным. Хочацца нагадаць Міністэрству юстыцыі, якім няпростым шляхам у Беларусі можна правесці устаноўчыя сходы арганізацый. Прапануем спецыялістам Мінюста самім даведаецца, з якой цяжкасцю, напрыклад, партыя БХД атрымала памяшканне для правядзення свайго ўстаноўчага сходу і колькі разоў адмаўлялася многім арганізацыям у іх прадстаўленьні.
Наступнае сцверджанне аб тым, што большасьць заснавальнікаў грамадскага аб’яднаньня з’яўляюцца правапарушальнікамі таксама не вытрымлівае ніякай юрыдычнай крытыкі, бо гэта не з’яўляецца падставай для адмовы ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання. У сваю чаргу мы ганарымся, што ў лік заснавальнікаў “Нашай Вясны” ўвайшлі вядомыя ў сваіх рэгіёнах праваабаронцы, а тое, што яны шмат разоў пераследаваліся, перш за ўсё ў адміністрацыйным парадку, за сваю праваабарончую дзейнасць, яшчэ раз падкрэслівае значнасць і эфектыўнасць іх працы.
Хочацца асобна падкрэсліць, што справа па арт 130 Крымінальнага кодэксу РБ (распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці) у дачыненні да праваабаронцы з Віцебску Леаніда Свеціка прыпыненая. Справа датычыць лістоў з пагрозамі, што былі дасланыя ад імя РНЕ грамадскім актывістам з Віцебску, якім праваабаронца актыўна дапамагаў рыхтаваць звароты ў адпаведныя органы ўлады. Так што Мінюст, які адзначе сваю вялікую працу па праверцы дакументаў, датычных рэгістрацыі “Нашай Вясны” і яе заснавальнікаў, павінен быў ведаць, у якім стане знаходзіцца расследванне справы Леаніда Свеціка.
Больш таго, у адказе Мінюста распаўсюджаная недакладная інфармацыя аб крымінальнай судзімасці аднаго з заснавальнікаў аб’яднання, што дае падставы для падачы грамадзянскага зыску аб прызнанні дадзенай інфармацыі неадпавядаючай рэчаіснасці і абражаючай гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Акрамя вышэйзгаданага, Міністэрства юстыцыі бессаромна хлусіць аб тым, што яно ў вызначаны законам тэрмін праінфармавала заснавальнікаў аб адмове ў рэгістрацыі. Мінюст сам парушыў закон і паведаміў нам пра рашэнне толькі праз 5 дзён пасля заканчэння максімальнага тэрміну разгляду.
Спасылаючыся на Канстытуцыю, Мінюст сцвярджае, што раэлізацыя права на свабоду аб’яднанняў несумяшчальна са злоўжываннямі гэтым правам з боку ініцыятараў стварэння грамадскіх аб'яднанняў. Аднак у артыкуле 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дакладна падаецца пералік аб’яднанняў і партый, стварэнне і дзейнасць якіх забароненая: “Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.”
“У Рэспубліцы Беларусь права грамадзян на свабоду аб'яднанняў гарантаванае Канстытуцыяй,” – безапеляцыйна сцвярджае Мінюст. Але няхай тады чыноўнікі патлумачаць грамадству, чаму ў Беларусі 12 чалавек асуджаныя па арт. 193.1 КК РБ (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Мы нагадваем, што гэты ганебны артыкул не адпавядае
палажэнням не толькі нашай Канстытуцыі, але і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Мы неаднаразова звярталі ўвагу Мінюста, што рэгістрацыю арганізацыі мы расцэнваем як кампенсацыю нашага парушанага права на асацыяцыю, здзейсненага ліквідацыяй Праваабарончага цэнтру “Вясна”, адносна чаго існуе адпаведнае рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН. Мы таксама настойваем, што адмаўляючы ў чарговы раз у рэгістрацыі аб’яднання, беларускія ўлады ў асобе Мінюста парушаюць нашыя правы, а таксама не выконваюць міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь.
Дзеянні Міністэрства юстыцыі па адмове ў рэгістрацыі “Нашай Вясны” ў бліжэйшы час мы абавязкова абскардзім у судовым парадку.