У Астраўцы чарговы ператрус
Праз тэлефон Іван Крук паведаміў, што сёння да яго на кватэру прыйшлі тры міліцыянты з панятымі. У іх санкцыя раённага пракурора на агляд кватэры. Іван Крук паведаміў толькі, што ператрус зьвязаны з выхадам незарэгістраванай газэты “Астравецкі весьнік”.
Учора ў Міколы Уласевіча міліцыянты рабілі ператрус на падставе таго, што 4 сакавіка ў Астравецкі РАУС прыйшло паведамленьне ад начальніка Ўпраўленьня КДБ па Астравецкім раёне спадара Шмурэя аб тым, што 4 сакавіка ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну распаўсюджвалі літаратуру невядомага характару
У Міколы Уласевіча нічога не знайшлі, але пільна абфатаграфавалі яго дом усярэдзіне й звонку.
Нагадаю, што “Астравецкі весьнік” самастойна выдалі чальцы аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства”.
Выданьне выйшла на чатырох старонках фармату А4, накладам 299 асобнікаў на беларускай і расейскай мовах. У першым нумары зьмешчаны матэрыялы, скіраваныя супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.