viasna on patreon

Газета «Курьер из Борисова» ліквідаваная ўладамі

2005 2005-08-25T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 жніўня гаспадарчы суд Мінскай вобласці задаволіў зыск Мінскага аблвыканкама аб ліквідацыі ТДА "Пресс-сервис", якое выступае заснавальнікам газеты "Курьер из Борисова", праведаміла прэс-служба ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прадпрыемства павінна быць ліквідавана да 1 студзеня наступнага года.

Зыск быў пададзены 17 чэрвеня. Сутнасць заўважаных Мінаблвыканкамам парушэнняў зводзілася да таго, што ў статуце “Пресс-сервис” не былі адзначаныя мэты і задачы выдаванага ім сродку масавай інфармацыі (“Курьера из Борисова”), правы працоўнага калектыва і іншыя палажэнні, якія, згодна з законам, павінныя быць у статуце рэдакцыі СМІ, хаця на той момант функцыі рэдакцыі “Курьера из Борисова” выконвала іншая юрыдычная асоба і, адпаведна, у статуце ТДА і не былі адлюстраваныя гэтыя моманты.

Суддзя Тамара Бенчук прыняла пазіцыю аблвыканкама і вырашыла прызнаць несапраўднай рэгістрацыю “Пресс-сервис”, прызначыць ліквідацыйную камісію і зліквідаваць прадпрыемства да 1 студзеня 2006 г. З моманту ўступлення рашэння ў законную сілу функцыі кіраўніка таварыства пяройдуць да кіраўніка ліквідацыйнай камісіі. (Звяртае на сябе ўвагу той факт, что кіраўніком ліквідацыйнай камісіі суб’екта гаспадарання суд прызначыў начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінаблвыканкама). Адказнікі маюць магчымасць напрацягу 15 дзён абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйную інстанцыю Мінскага абласнога гаспадарчага суда.

У рэдакцыі газеты лічаць рашэнне суда палітычнай замовай. “У нас ад нядаўняга часу была рэдкая для Беларусі сітуацыя, калі ў рэгіёне выходзілі дзве незалежныя газеты, чый (“Курьер из Борисова” і “Борисовские новости”), наклад у 7 разоў перавышаў наклад афіцыйнай мясцовай газеты “Адзінства”. Натуральна, што такая сітуацыя не магла задавальняць улады”, - лічыць карэспандэнт газеты Павел Магілін. На думку журналістаў, пра сапраўдныя матывы дзеянняў Мінаблвыканкама сведчыць сам тэкст зыскавай заявы, дзе гаворыцца, што дзейнасць ТДА “Пресс-серсвис” супярэчыць дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.

Каментар намесніка старшыні ГА ”Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца: “На мой погляд, рашэнне аб ліквідацыі ТДА “Пресс-сервис” стаіць ў адным шэрагу з ліквідацыяй у верасні 2003 г. ТАА “Местное время-пресс”, скасаваннем пасведчання аб рэгістрацыі выдаўца “Новой газеты Сморгони” Рамуальда Улана ў лютым 2003 г., а таксама нядаўняй ліквідацыяй у пазасудовым парадку ТДА “Деньпресс”. Ва ўсіх гэтых выпадках улады ажыццяўлялі ціск на сродкі масавай інфармацыі праз іх выдаўцоў, карыстаючыся недасканаласцю беларускага заканадаўства і “нацыянальнымі асаблівасцямі” яго прымянення”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства