viasna on patreon

Гандаль людзьмі і рабства – сучасныя злачынствы.

2005 2005-08-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 жніўня — Міжнародны дзень памяці ахвяраў гандлю людзьмі і зьліквідаваньня гэтае зьявы. Праблема мае глыбокія гістарычныя карані, але няволя, рабства ня сталі больш гуманнымі. Не абмінула гэтая бяда і Беларусь. У пошуках добрых заробкаў беларускія дзяўчаты, жанчыны шукаюць працу за мяжой — і нярэдка трапляюць у сэксуальнае рабства.

Карэспандэнт Радыё Свабода кажа, што колькасьць беларускіх жанчын, якія траплялі ў сэксуальнае рабства, падлічыць складана. Многія ня хочуць, каб гэта стала вядома. Але лік ідзе ўжо на тысячы. Вяртаюцца жанчыны зьнявечанымі — найперш маральна, зь цяжкімі псыхалягічнымі траўмамі. На жаль, ёсьць ужо і ахвяры — у літаральным сэнсе гэтага слова.

Міжнародны каардынатар праграмы "Ля Страда" ў Беларусі Ірына Альхоўка распавядае: “Ёсьць крымінальныя справы: ахвяры гінулі, рабіліся калекамі. Што тычыцца зьніклых, — штогод рэгіструецца да 100 выпадкаў. Калі маюцца сур'ёзныя падставы лічыць, што чалавек зьнік, што яго эксплуатуюць, утрымліваюць сілком, — падключаем Інтэрпол. Да таго ж, у нас ёсьць партнёрскія арганізацыі за мяжой. Але, на жаль, гэта даволі марудна — міжнародны пошук: даводзіцца пісаць адмысловыя запыты, чакаць дыппошту”.

Намесьнік начальніка Ўпраўленьня барацьбы зь незаконным распаўсюдам наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры маральнасьці Міністэрства ўнутраных справаў Сяргей Статуеў падаў такую статыстыку: “За 7 месяцаў заведзена па лініі маральнасьці 478 крымінальных справаў. Ёсьць асобныя артыкулы: “Гандаль людзьмі”, “Выкраданьне людзей”, “Незаконныя дзеяньні ў справе працаўладкаваньня грамадзян за мяжой”, “Занятак прастытуцыяй”. “Гандаль людзьмі “ — гэта артыкул 181, частка 2. За 7 месяцаў раскрыта 38 злачынстваў”.

Цікавую форму абароны людзей прапанаваў прэзідэнт Беларусі, які ў сакавіку падпісаў вядомы Дэкрэт “Аб некаторых захадах па процідзеяньні гандлю людзьмі”: няма выезду – няма праблемы. Дадзены дакумент ня толькі не вырашае праблему, а стварае складанасьці для многіх накірункаў дзейнасьці. Да патэнцыйных крыніц небясьпекі аднесена працаўладкаваньне й вучоба студэнтаў за мяжой, мадэльны бізнес, міжнароднае ўсынаўленьне, дзейнасьць шлюбных агенцый. Па ўсіх гэтых накірунках працы цяпер абавязкова мець ліцэнзіі Міністэрства ўнутраных справаў і дазволы Міністэрства адукацыі.

Па сутнасьці, забаронена міжнароднае ўсынаўленьне. Вельмі шмат праблем узьнікае ў студэнтаў і нават школьнікаў, якія хочуць выехаць вучыцца. Што да працаўладкаваньня за мяжой, то ў краіне засталася толькі адна фірма, якая мае ліцэнзію. Таму людзі зьвяртаюцца да пасярэднікаў нелегальных — і даражэй каштуюць паслугі, і падвышаецца рызыка небясьпекі. Беларусы выяжджаюць на працу за мяжу праз суседнія краіны — Украіну й Расею. Праблема застаецца…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства