viasna on patreon

Мінюст адмовіў правабаронцам у рэгістрацыі “Нашай Вясны”

2009 2009-03-03T17:49:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Законны прадстаўнік інтарэсаў заснавальнікаў Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” (ГПА)  юрыст Уладзімір Лабковіч 3 сакавіка забраў копію рашэньня Міністэрства юстыцыі “Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня”.

У афіцыйным адказе за подпісам начальніка Упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў А.Л. Сліжэўскага адзначана, што пры вывучэньні пададзеных матэрыялаў устаноўлена наступнае:

“Спіс членаў Рэвізійнай камісіі ГПА сведчыць, што ў гэтай арганізацыі не абраны Старшыня дадзенага органа, як таго патрабуе п.3.14 статута ГПА…”

“Прадстаўленыя дакументы маюць шэраг узаемных неадпаведнасьцяў у частцы звесткаў, якія ў гэтых дакументах маюцца, у тым ліку па назве форума, на якім быццам бы было прынята рашэнне аб стварэнні ГПА (далей – Сход). (…) даденае мерапрыемства павінна мець назву ўстаноўчы з’езд, канферэнцыя, агульны сход або іншы ўстаноўчы сход”, і г.д. З падобных заўвагаў вынікае, што Мінюст доўга і ўпарта шукаў сур’ёзныя падставы для адмовы, якія інакш як прыдзіркамі не назавеш.

Так, напрыклад, асаблівую цікавосьць выклікаюць высновы дзяржчыноўнікаў наконт плошчы памяшканьня, дзе праводзіўся ўстаноўчы сход правабаронцаў: “З матэрыялаў рэгістрацыйнай справы ўласніка офіса бачна, што агульная плошча офіса складае 35 кв.м. Гэта азначае, што на аднаго ўдзельніка Схода прыходзілася 35:67= 0.5 кв.м. агульнай плошчы. Калі ж улічыць планіроўку офіса, наяўнасць у ім шэрагу абсталяваных працоўных месцаў з адпаведнымі мэбляй, аргтэхнікай і інш., то фактычна на аднаго ўдзельніка Схода прыйшлося істотна меншая карысная плошча ў параўнанні з разліковай агульнай, указанай вышэй. У сувязі з гэтым незразумела, як ў такіх умовах можна размясціць 67 чалавек, забяспечыўшы ім згодна з арт.4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаннях магчымасць самастойна ўчыніць сваё волевыяўленне і інш., а таксама размясціць прэзідыум Схода, арганізаваць працу Схода на працягу адной гадзіны з падлікам галасоў, весці пратакол Схода”…

Як тут запэрэчыш? Такая скурпулёзная творча-падліковая праца супрацоўнікаў Мінюсту выклікае хіба што захапленьне сваім неардынарным падыходам да вырашэньня пытаньня і  клопатам аб удзельніках мерапрыемства! Праўда, у адказе аб адмове ў рэгістрацыі таксама маюцца і традыцыйныя прэтэнзіі: Мінюсту зноў не спадабалася афармленьне плацёжнага дакументу, прыцягненьне да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасьці заснавальнікаў арганізацыі, з чаго робіцца выснова, што “53, 7% заснавальнікаў з’яўляюцца неправапаслухмянымі асобамі”, мэты ствараемага ГПА застаюцца “утоенымі, што супярэчыць “прынцыпу галоснасці”.

Нагадаем, што ўстаноўчы сход ГПА “Наша Вясна” адбыўся 18 студзеня ў Менску, 26 студзеня адпаведныя дакументы былі пададзеныя ў Мінюст. Новая правабарончая арганізацыя зьяўляецца пераемніцай рэспубліканскага правабарончага цэнтру “Вясна”,  ліквідаванага ўладамі рашэннем Вярхоўнага Суда Беларусі яшчэ ў кастрычніку 2003 году. Між тым, правабаронцы не спынялі сваю дзейнасьць, і сярод заснавальнікаў “Нашай Вясны” у асноўным асобы з розных рэгіёнаў краіны, якія ўваходзілі ў ліквідаваны правабарончы цэнтр. Кіраўнік арганізацыі – вядомы праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

У вызначаны Законам “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” месячны тэрмін, адведзены для прыняцьця рашэньня аб рэгістрацыі, Мінюст так і не змог вызначыцца: заснавальнікі “Нашай Вясны”  не атрымалі ні пісьмовага, ні вуснага дакладнага адказу ад чыноўнікаў дзяржустановы. 26 лютага законны прадстаўнік інтарэсаў заснавальнікаў юрыст Уладзімір Лабковіч зьвязаўся па тэлефоне са сьпецыялістам Мінюсту Аляксандрам Харытонам, які на пытаньне аб рэгістрацыі ці нерэгістрацыі “Нашай Вясны” паведаміў, што дакументы заснавальнікам яшчэ не адпраўленыя і канкрэтыкай ён не валодае. Сп. Харытон прапанаваў хіба што тэлефанаваць пры наяўнасьці такой магчымасьці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства