Гарадоцкі праўдашукальнік прайграў, але не здаецца
Гарадоцкі раённы суд адмовіў актывісту руху “За свабоду” Леаніду Аўтухову, які патрабаваў прыцягнуць да адказнасьці намесьніцу старшыні райвыканкаму за парушэньне канстытуцыйнага права грамадзян на правядзеньне сходаў.
Судзьдзя Ганна Ганчарова пастанавіла, што намесьніца старшыні Гарадоцкага райвыканкаму Надзея Бурунова мела рацыю, калі не дазволіла правесьці сход жыхароў райцэнтру ў залі раённай адміністрацыі. Намесьнік кіраўніка спраў райвыканкаму Віктар Сярболін, які прадстаўляў раённую “вэртыкаль” у судзе, спаслаўся на тое, што заканадаўства забараняе праводзіць масавыя акцыі бліжэй як за 50 мэтраў ад адміністрацыйных будынкаў. Таму просьбу мясцовых актывістаў, каб правесьці сход непасрэдна ў актавай залі райвыканкаму, ён назваў “правакацыйнай”.
Леанід Аўтухоў патлумачыў, што 9-га студзеня гэтага году ён меркаваў правесьці акцыю для землякоў, каб паразмаўляць пра сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне ды захады для пераадоленьня эканамічнага крызісу. Аднак абмяркоўваць гэткія важныя рэчы раённая адміністрацыя скіравала людзей на ўзьлесак каля райцэнтру — ва ўрочышча Вераб’ёвы горы, абранае чыноўнікамі ў якасьці месца для правядзеньня масавых акцый.
Спадар Аўтухоў зьвярнуў увагу суду й на тое, што цягам мінулага і гэтага гадоў ён падаваў заяўкі на правядзеньне масавых акцыяў у Гарадку чатыры разы, прычым у самых розных месцах райцэнтру. І кожнага разу яму з розных прычын адмаўлялі. Гэтыя адмовы ён лічыць сьвядомым парушэньнем правоў грамадзян на арганізацыю сходаў ды іншых мерапрыемстваў.
Пазыцыю Леаніда Аўтухова цалкам падзяляюць і ягоныя аднадумцы, якія прыйшлі ды прыехалі падтрымаць яго ў судзе — былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч, старшыня абласнога аргкамітэту “Народнай Грамады” Аляксей Гаўруцікаў, каардынатар руху “За свабоду” ў Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў, актывіст гэтага руху з Гарадку Леанід Гаравы.
Пастанову райсуду актывісты мяркуюць аспрэчыць у судзе вышэйшай інстанцыі. Таксама яны маюць намер напісаць скаргу ў пракуратуру пра парушэньне заканадаўства з боку раённай адміністрацыі: так, вызначыўшы яшчэ ў 2007 годзе, што ўрочышча Вераб’ёвы горы афіцыйна прызначана адзіным месцам для правядзеньня масавых акцый, чыноўнікі дагэтуль не абвясьцілі гэтага праз раённую газэту, як патрабуе заканадаўства.