Нумар «ARCHE» прызналі «экстрэмісцкім»
Справу разглядала суддзя Таццяна Міранюк (намесніца старшыні суда Маскоўскага раёна Брэста). Яшчэ перад пачаткам паседжання яна абвясціла, што працэс будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. У сувязі з гэтым у судовым паседжанні бяруць удзел толькі прадстаўнік КДБ і адвакат Павел Сапелка, які прадстаўляе інтарэсы адказчыка. У залу суда не дапусцілі нават заснавальніка «ARCHE» Андрэя Дынько.
Цікавасць да гэтага судовага працэсу праявілі не толькі журналісты незалежных медыяў, але і здымачная група Беларускага дзяржаўнага тэлебачання, якая была заўважана ў будынку суда.
Нагадаем, 24 кастрычніка 2008 года на беларуска-польскай мяжы ў Брэсце ў аўтара выдання Алеся Пашкевіча, які ехаў цягніком у Польшчу, падчас мытнага дагляду багажу адабралі 10 асобнікаў № 7–8 «ARCHE».
Супрацоўніца мытні Рэната Нядбаева палічыла, што звесткі, якія ўтрымліваюцца ў часопісе, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Знойдзеныя асобнікі забралі «на экспертызу».
30 снежня 2008 года УКДБ па Брэсцкай вобласці накіравала ў суд зыск, у якім сцвярджала: «…Праведзеным аналізам устаноўлена, што ў часопісах утрымліваюцца звесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і праўлення Рэспублікі Беларусь, узмацняюць сацыяльна-палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць дзеянні, накіраваныя на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь».