У Менску прайшоў пікет салідарнасьці з Дубскім
23 лютага на Кастрычніцкай плошчы дзевяць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” правялі пікет салідарнасьці з Арцёмам Дубскім, адным зь фігурантаў “справы 14-ці”, заведзенай на актыўных удзельнікаў акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2008 году.
Міліцыянты не пасьпелі зрэагаваць на пікет. Два супрацоўнікі спэцназу міліцыі сядзелі на лаўцы за коўзанкаю на Кастрычніцкай плошчы: спачатку яны проста не заўважылі ўдзельнікаў акцыі, а пазьней, мяркуючы па ўсім, вырашылі нікога не затрымліваць.
Актывіста “Маладога фронту” Арцёма Дубскага затрымалі 13 лютага на беларуска-ўкраінскай мяжы: яго зьнялі зь цягніка і пераправілі ў Бабруйскі сьледчы ізалятар. Сам Арцём вымушаны быў адбываць пакараньне абмежаваньнем свабоды ў Асіповічах. Падчас адбыцьця пакараньня на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу, абвінаваціўшы ў тым, што ён выйшаў у інтэрнэт з чужой SIM-карткі мабільнага тэлефона апэратара “Velcom” і тым самым нанёс шкоду апэратару ў памеры трох мільёнаў рублёў. Пасьля гэтага Дубскі выехаў ва Ўкраіну.
Цяпер моладзевага актывіста будуць судзіць за парушэньне ўмоваў адбыцьця пакараньня: яму пагражае трохгадовае зьняволеньне. Суд прызначаны на 3 сакавіка.
Маладафронтаўцы, якія ўдзельнічалі ў сёньняшнім пікеце, паведамілі, што да пачатку суду над Арцёмам Дубскім будуць час ад часу ладзіць такія акцыі салідарнасьці.