БНФ “Адраджэнне” накіравала пісьмовую прапанову ў Міністэрства культуры
Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэнне” накіравала пісьмовую прапанову ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уключыць у склад Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны сябра Сойму Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” Ірыну Лаўроўскую.
Ірына Лаўроўская - магістр інжынер-архітэктар і прафесар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, гісторыі і архітэктуры Берасця, праходзіла шэраг стажыровак у Беларусі і па-за яе межамі, публікавалася ў навуковай літарутары, мае выкладніцкі досвед.
- У адпаведнасці з Палажэннем “Аб парадку ажыццяўлення грамадскімі аб’яднаннямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, прапаноўваем уключыць у склад Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны сябра Сойму Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” Ірыну Лаўроўскую, - чытаем у прапанове за подпісам старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага.
- Прадметам дзейнасці Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” з'яўляецца ўсталяванне дэмакратычнага грамадства, адраджэнне беларускай нацыі і развіццё культуры. ГА БНФ "Адраджэнне" арганізуе талокі для дагляду помнікаў гісторыі і культуры, захавання прыроды, займаецца неабходнай гаспадарчай дзейнасцю, а таксама дабрачыннасцю. Улічваючы прафесійны і навуковы досвед Ірыны Лаўроўскай, а таксама скіраванасць грамадскага аб’яднання на абарону гісторыка-культурнай спадчыны, лічым, што наш прадстаўнік у вышэйадзначанай камісіі будзе спрыяць больш дасканаламу і эфектыўнаму дасягненню мэты камісіі.
Лявон Баршчэўскі лічыць неабгрунтаванаю пыху чыноўнікаў, якія спадзяюцца абысціся без спецыялістаў у справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
- Сітуацыя, якая склалася ў Берасці, - не адзіная ў Беларусі. Шмат у якіх гарадах улады ігнаруюць думку спецыялістаў і грамадскасці ў справе вырашэння пытанняў аблічча гарадаў, размяшчэньня помнікаў. Лічу прафесара Лаўроўскую ўнікальным спецыялістам - думаю, ніхто ў Беларусі настолькі не валодае гісторыяй Берасця, як яна. Перакананы, што чыноўнікі, якія вырашаюць, як павінны выглядаць беларускія гарады, мусяць прыслухацца да думкі такіх спецыялістаў, як Ірына Лаўроўская.
Паводле Палажэння “Аб парадку ажыцяўлення грамадскімі аб’яднаннямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, адказ на прапанову мусіць быць дадзены не пазней, чым праз 20 каляндарных дзён.