Тэрмін зьняволеньня палітвязьня Міхаіла Марыніча скарочаны на адзін год
Да Міхаіла Марыніча ўжытая амністыя. Былому міністру і амбасадару скарацілі тэрмін зьняволеньня на адзін год. Адвакат кажа пра магчымае умоўна-датэрміновае вызваленьне, але не бярэцца прадказаць, калі гэта адбудзецца.
Пра тое, што пакараньне Міхаілу Марынічу паводле амністыі зьменшана на адзін год, Радыё Свабода паведаміла адвакат апазыцыянэра Валянціна Шаханцова. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Міністэрства унутраных спраў пацьвердзілі гэтыя зьвесткі. Там паведамілі, што рашэньне пра амністыю было прынятае ў аўторак, 16 жніўня. Такім чынам, цяпер пакараньне былому міністру і амбасадару складае 2,5 гады зьняволеньня, з якіх Міхаіл Марыніч адбыў ужо 1 год і амаль 4 месяцы.
Адвакат Марыніча Валянціна Шаханцова кажа, што гэта больш за палову новага тэрміну і такім чынам з’явіліся шанцы на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Гэтыя шанцы адвакат разглядае як вялікія. Таксам яна паведаміла, што стан здароўя Міхаіла Марыніча здавальняючы.
Нагадаем, за час знаходжаньня ў няволі былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч перанёс інсульт і рэзкае абвастрэньне хваробы зроку. У 2004 годзе Міхаіл Марыніч быў асуджаны за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую ён узначальваў. Вінаватым ён сябе не прызнаў і патлумачыў перасьлед помстай за пераход у апазыцыю і намер вылучацца на прэзыдэнта у 2006 годзе. Арганізацыя Міжнародная амністыя абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.