Крымінальная справа, заведзеная на адваката Гары Паганяйла, працягнута
Па звестках радыё Свабода, яшчэ на месяц падоўжана расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы. Пра гэта адвакату паведамілі ў пракуратуры Менску. Нагадаем, Гары Паганяйлу абвінавачваюць за паклёп на прэзыдэнта Беларусі, яму пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.
Справа цягнецца з кастрычніка мінулага году, калі Паганяйла ў інтэрвію швэдзкаму тэлебачаньню выказаў падазрэньні ў датычнасьці да зьнікненьняў дзеячоў апазыцыі некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку -- Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле Гары Паганяйлы, ў інтэрвію ён агучыў відавочныя рэчы. У пацьвярджэньні сваіх словаў адвакат перадаў сьледзтву стос дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць абгрунтаванасьць падазрэньняў на адрас Аляксандра Лукашэнкі й людзей зь ягонага атачэньня. На падставе гэтых дакумэнтаў справу аб паклепе даўно можна было закрыць, лічыць праваабаронца. Тое, што справа дагэтуль не закрытая праваабаронца тлумачыць палітычнымі прычынамі.