Адкрыты ліст FIDH да намесьніка старшыні Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
Адкрыты ліст FIDH да намесьніка старшыні Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
18.02.09
Сп.Натальлі Пяткевіч,
намесьніку старшыні
Адміністрацыі Прэзыдэнта
Рэспублікі Беларусь,
вул. Карла Маркса, 38,
220016, Менск, Беларусь,
праз факс: +375172260610
Адкрыты ліст намесьніку старшыні Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
Парыж, 18 лютага 2009
Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека FIDH і яе сябар Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказваюць сваю занепакоенасьць з прычыны выкарыстаньня гвалту беларускімі спэцыяльнымі службамі супраць удзельнікаў мірных акцыяў у Менску 14 і 16 лютага 2009 году.
14 лютага 2009 году, у Менску адбылася мірная акцыя моладзевага палітычнага руху “Малады фронт”. Паводле інфармацыі ПЦ “Вясна”, удзельнікі гэтай мірнай акцыі былі гвалтоўна атакаваныя спэцыяльным падраздзяленьнем Міністэрства Ўнутраных Справаў.
Дзесяткі мірных дэманстрантаў былі зьбітыя. Выкарыстаньне гвалту сіламі Міністэрства Ўнутраных Справаў было грубым парушэньнем права на свабоду мірных сходаў. Падаецца, што гэтая дэманстрацыя сілы была запланаванай акцыяй запалохваньня, зарганізаванай беларускімі ўладамі, бо напярэдадні акцыі ў кватэрах актывістаў “Маладога фронту” былі праведзеныя ператрусы.
Празьмернае выкарыстаньне фізічнай сілы супраць моладзевых актывістаў зьяўляецца часткай кампаніі перасьледу моладзевых арганізацыяў Беларусі. 27 студзеня 2009 году, FIDH паведамляла аб выпадках прызыву палітычных і грамадзкіх актывістаў у войска, нягледзячы на папярэднія рашэньні аб прызнаньні іх непрыдатнымі да вайсковай службы. На думку FIDH, прызывы Франака Вячоркі (лідара арганізацыі “Моладзь БНФ”) і Івана Шылы (намесьнік старшыні Салігорскай філіі моладзевага руху “Малады фронт”) непасрэдна зьвязаныя з іх актыўнай палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю.
28 студзеня 2009 году Франак Вячорка быў арыштаваны, зьбіты, закуты ў кайданкі і дастаўлены ў вайсковую частку ў Баранавічах. Іван Шыла быў арыштаваны ў сваёй хаце ў Салігорску і гвалтоўна дастаўлены ў Менскі ваенкамат. Ён ужо пачаў праходзіць паўтарагадовую вайсковую службу ў Бягомлі. У той самы дзень сябар “Маладога фронту” і студэнт дзённага аддзяленьня Багаслоўскага коледжа Зьміцер Федарук быў арыштаваны і прызваны ў вайсковую частку ў Жодзіна.
16 лютага 2009 году на Кастрычніцкай плошчы ў Менску міліцыяй і спэцыяльнымі службамі Міністэрства Ўнутраных Справаў (АМАП) была гвалтоўна разагнаная мірная Акцыя Салідарнасьці, якая адзначаецца 16 чысла кожнага месяца, калі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі традыцыйна праводзяць мірныя акцыі, прысьвечаныя палітычным зьняволеным і зьніклым асобам. Акцыя доўжылася ўсяго 10 хвілінаў, пасьля чаго міліцыя і спэцыяльныя службы пачалі груба выціскаць людзей з плошчы, валіць іх з ног, зьбіваць іх кулакамі і дручкамі.
Усе гэтыя падзеі прымушаюць FIDH і ПЦ “Вясна” сумнявацца ў рэальнасьці ажыцьцяўленьня дэкляраванага беларускімі ўладамі ў апошнія месяцы намера спрыяць дэмакратызацыі і адкрытасьці міжнародным стандартам.
FIDH зьвяртае ўвагу Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі сп.Хаўера Салана, у сувязі з перамовамі з беларускімі ўладамі, якія маюць адбыцца 19 лютага, на гэтыя істотныя праблемы ў галіне правоў чалавека. FIDH заклікае сп.Салана падняць гэтыя пытаньні, наўпрост зьвязаныя з намаганьнямі ЭЗ па падтрымцы дэмакратызацыі Беларусі, падчас сустрэчы зь беларускімі ўладамі.
FIDH заклікае дэлегацыю Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая знаходзіцца зь візітам у Менску ад 16 да 19 лютага, зьвярнуць асаблівую ўвагу на дадзеную сітуацыю і ўключыць яе ў павестку дня пры абмеркаваньні разьвіцця канструктыўнага дыялогу паміж беларускімі ўладамі і Радай Эўропы, а таксама яе Асамблеяй, у пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і заканадаўства.
FIDH заклікае беларускія ўлады:
- зрабіць захады па забесьпячэньні выкананьня ўсімі сіламі Міністэрства Ўнутраных Справаў міжнародных стандартаў, якія гарантуюць права на свабоду мірных сходаў;
- забясьпечыць прыцягненьне да адказнасьці ўсіх ініцыятараў і выканаўцаў гвалтоўных дзеяньняў 14 лютага 2009 году;
- неадкладна спыніць усе формы перасьледу актывістаў моладзевых арганізацыяў;
- гарантаваць права на мірныя сходы ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з беларускай Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека, Артыкуламі 19 і 21 Міжнароднай канвенцыі аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасьці.
З павагай,
Сухайр Бэльхасэн,
Прэзыдэнт FIDH
3 ASSOCIATION RECONNUE D'UTILITE PUBLIQUE
17, PASSAGE DE LA MAIND'OR,
75011 PARIS, FRANCE, TEL.:+33(0)1 43 55 25 18, FAX:+33(0)1 43 55 18 80
fidh@fidh.org www.fidh.org NーSIREN 352 390 082 CODE
APE 913E