На бабруйскую раёнку просяць завесьці справу
Актывіст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў патрабуе ад генэральнай пракуратуры завесьці крымінальную справу супраць рэдакцыі афіцыйнай газэты “Бабруйскае жыцьцё”. Нагодай для скаргі стаўся артыкул, які, паводле Міхаіла Кавалькова, зьневажае ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.
Тэкст быў апублікаваны ў “Бабруйскім жыцьці” 24 верасьня 2009 году падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, куды балятаваўся Міхаіл Кавалькоў.
“Я быў кандыдатам у дэпутаты і перакананы, што артыкул пад назвай “Кузнец своего “величия”, или Полигамный вральман” аўтара Ал.Паліндрона паўплываў на пазыцыю выбарцаў, якія зьбіраліся галасаваць за мяне. У ім у зьняважлівай форме апісваецца мае прыватнае жыцьцё, падаецца несапраўдная інфармацыя пра суполку Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, якой я кірую. Пакуль усе мае спробы дамагчыся ад праваахоўных органаў пачатку крымінальнай справы супраць аўтара артыкулу і рэдакцыі “Бабруйскага жыцьця” застаюцца безвыніковымі. Але я буду дамагацца свайго, нават калі мне давядзецца зьвяртацца ў міжнародныя судовыя інстанцыі”, - зазначае Міхаіл Кавалькоў.
Перш чым паскардзіцца ў генэральную пракуратуру, Міхаіл Кавалькоў пісаў у пракуратуру Маскоўскага раёну Бабруйска і ў абласную пракуратуру. Паўсюль адказ адзін: “у задавальненьні скаргі адмовіць праз адсутнасьць складу злачынства”.
Міхаіл Кавалькоў - старшыня завадзкой прафсаюзнай суполкі ад 1998 году. Суполка налічвае каля 350 чалавек. Ад 2006 году Кавалькоў абраны кіраўніком рэспубліканскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага.