Партыя БНФ правяла экалагічную акцыю
З 11 па 13 жніўня на тэрыторыі Ганцавіцкага і Клецкага раёнаў праходзіла акцыя, арганізаваная моладдзю Партыі БНФ, пад лозунгам “РЛС – пагроза для Беларусі”. Мэтаю акцыі было інфармаваньне насельніцтва навакольных вёсак пра пагрозу знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі расейскага вайсковага аб’екту РЛС “Волга”, паведаміла прэс-служба Патрыі БНФ.
Радыёлакацыйная станцыя “Волга” пачала працаваць у Беларусі два гады таму. Яна была пабудаваная на падставе міжурадавага пагадненьня, падпісанага яшчэ прэм’ер-міністрам Кебічам, а пасьля актыўна падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсьліваў, што Беларусь ніколі не патрабавала і не будзе патрабаваць ад Расеі грошаў за знаходжаньне яе стратэгічных аб’ектаў у Беларусі, хаця сапраўдны кошт такіх паслугаў, паводле яго ацэнак, сягае соцень мільёнаў даляраў.
РЛС “Волга” выпраменьвае моцныя электрамагнітныя хвалі, якія негатыўна ўплываюць на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе. Мясцовыя жыхары паказвалі ўдзельнікам акцыі высохлыя літаральна за два гады дрэвы, якія пачынаюць сохнуць зьверху, гэта значыць у першую чаргу паміраюць тыя галіны, якія падвяргаюцца большаму выпраменьваньню. У навакольных лясах не чуваць сьпяваньня птушак, і нават камары не дакучалі ўдзельнікам акцыі. У лесе, што непасрэдна стаіць побач з радыёлакацыйнай станцыяй, які ўдзельнікі наведалі ў начны час, стаіць мёртвая цішыня, якая перарываецца толькі шумам рухавікоў аўтамабіляў, што праяжджаюць па шашы ў некалькіх кіламетрах ад лесу.
Моладзь Партыі БНФ раздала ў навакольных вёсках і ў горадзе Ганцавічы некалькі тысячаў улётак, а таксама правяла тлумачальныя размовы зь мясцовымі жыхарамі. Праваахоўныя органы, у адрозьненьні ад мінулага году, ня ўмешваліся.