viasna on patreon

Суд адмовіўся ўзбуджаць справу па скарзе «Народнай волі» і Марыны Коктыш

2009 2009-02-17T16:58:28+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/koktysh.jpg
Марына Коктыш

Марына Коктыш

Суд Маскоўскага раёна г. Мінска вырашыў не ўзбуджаць справы па скарзе рэдакцыі недзяржаўнай газеты «Народная воля» і Марыны Коктыш на адмову Пала­ты прадстаўнікоў акрэдытаваць журналістку.­

­13 лютага суддзя Алена Рудніцкая, вывучыўшы скаргу і пададзеныя дакументы, адмовілася ўзбуджаць справу «ў сувязі з адсутнасцю ў заяўніка права на зварот у суд». Па меркаванні суддзі, «скарга не падлягае разгляду ў судзе», бо «ў акрэдытацыі Коктыш М.Г. было адмоўлена ў сувязі з адсутнасцю допуску».

Скаргу на дзеянні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу «Народная воля» і Марына Коктыш накіравалі ў суд у студзені г.г. — пасля таго, як атрымалі з сакратарыяту ПП НС адмову акрэдытаваць журналістку. У лісце гаварылася, што заяўку наконт акрэдытацыі Марыны Коктыш перадалі «адпаведным службам», якія вырашылі адмовіць журналістцы ў доступе «на тэрыторыю адміністратыўнага к­омплексу «Савецкая, 11» (адрас Дома ўрада).

Цяпер журналісты будуць абскарджваць рашэнне суда ў Мінскі гарадскі суд.

«Гэта палітычна матываванае рашэнне, — пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні РГА „Беларускі Хельсінкскі Камітэт“ Гары Паганяйла, які дапамагае „Народнай волі“ ў юрыдычных пытаннях. — Адмова распачаць справу грунтуецца не на законе, а на нежаданні прымаць рашэнні ў дачыненні да Палаты прадстаўнікоў. Справа, несумненна, падлягае разгляду ў судзе, і мы прыклалі да скаргі шмат дакументаў, якія гэта даказваюць».

«Такое вызначэнне па скарзе Марыны Коктыш не здзіўляе, бо ў мінулым годзе суд ужо выносіў аналагічнае рашэнне, — пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец. — З мінулых судовых рашэнняў бачная іх логіка: у законе „Аб СМІ“ наўпрост не напісана, што адмова ў акрэдытацыі можа быць абскарджана ў судзе. (Заўважу, што і ў новым законе пра гэта таксама нічога не сказана). Гэтым і кіруюцца суды. Я лічу, што гэтая сітуацыя — тэст на выкананне беларускімі судамі Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну права абараняць свае правы ў судзе».

Нагадаем: Увосень 2007 года рэдакцыя «Народнай волі» ўпершыню сутыкнулася з адмовай Палаты прадстаўнікоў акрэдытаваць пры ёй карэспандэнтку выдання Марыну Коктыш. Нягледзячы на тое, што журналістка была акрэдытаваная там на працягу некалькіх апошніх гадоў, гэтым разам ёй без тлумачэння прычын адмовілі. На запыт адносна матываў такога рашэння ў ПП НС журналістам патлумачылі, што за ім стаіць Служба бяспекі прэзідэнта.

Зварот рэдакцыі да Службы бяспекі выніку не даў. Пасля гэтага «Народная воля» і Марына Коктыш вырашылі абараняць свае прафесійныя правы праз суд і накіравалі скаргі на дзеянні Палаты прадстаўнікоў і Службы бяспекі.
У чэрвені суд Маскоўскага раёна вырашыў, што ў журналісткі і ў рэдакцыі нібыта адсутнічае права на зварот у суд, і адмовіўся разглядаць скаргі.
Калегія Мінскага гарадскога суда, дзе прадстаўнікі «Народнай волі» спрабавалі абскардзіць гэтае рашэнне, пакінула яго ў сіле.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства