Вандалізм на яўрэйскіх могілках
У Мінску невядомыя вандалы апаганілі мемарыял ахвярам нацызму "Яма", які знаходзіцца па вуліцы Мельнікайтэ: былі абпаленыя пластыкавыя вянкі, раськіданыя каменьчыкі, якія традыцыйна кладуцца на знак памяці пра загінуўшых, на самім мануменце вандалы паклалі гронку рабіны, у якую ўваткнулі крумкачовае пяро. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт Союзу беларускіх яўрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і суполак Якаў Басін.
Па ягоных словах, кіраўніцтва аб’яднаньня мае намер звярнуцца з заявай у пракуратуру, хаця не верыць, што злачынцы будуць знойдзены, бо гэта ўжо трэці выпадак вандалізму на тэрыторыі мемарыялу. Першы адбыўся ў 1992 годзе, калі на чорным мармуровым абеліску быў разьбіты трохлітровы слоік з белай алейнай фарбай, другі -- у 2003 годзе, калі неанацысты намалявалі свастыку і напісалі "Холокост. 2003" і "Бей жидов!".
Варта нагадаць, што ў раёне мемарыялу "Яма" 2 сакавіка 1942 года фашысты зьнішчылі 5 тысяч вязьняў Мінскага гета, а за гады Другой сусьветнай вайны зьнішчылі 100 тысяч яўрэеў.