Бульдозэры насоўваюцца на лошыцкі Крыж памяці сталінскім ахвярам
Менскае месца сталінскіх рэпрэсіяў – Лошыцкі, альбо, як яго інакш называюць, Чорны Яр адным зь першых дасьледаваў малады ў тыя гады археоляг Зянон Пазьняк. У 1988-м ён публічна заявіў, што тут адбываліся масавыя расстрэлы людзей у 1937 годзе. На думку Пазьняка, у гэтым месцы знаходзяцца парэшткі 7-10 тыс. чалавек.
У адным са сваіх артыкулаў Зянон Пазьняк наступным чынам апісаў падзеі, якія больш як 70 гадоў таму адбываліся ў Лошыцы.
“Людзей прывозілі ў “хапунах” і часам на бартавых грузавіках, зьвязаных і пад наглядам аховы. Як правіла, прывозілі рана (у 5-6 раніцы) па некалькі машынаў і тут жа расстрэльвалі. Некаторыя з лошыцкіх старажылаў расказвалі мне ў 80-х, што бачылі, як вазілі й нават як расстрэльвалі. Сказаныя на сьмерць былі бедна апранутыя, простыя людзі. Зафіксаваныя таксама асобныя факты, калі мясцовыя камсамольцы-сексоты НКВД і лошыцкія падонкі (сексоты) удзельнічалі ў расстрэлах “ворагаў народа” тут, у Лошыцкім Яры. Яны напрошваліся “пастраляць” і за кожны стрэл ім плацілі 50 капеек (відаць, такса была)”.
Калі праўда пра Лошыцу стала здабыткам грамадзкасьці, у канцы 80-х гадоў, тагачасныя ўлады тэрмінова кінулі туды тэхніку, прывезьлі шмат грунту, засыпалі гэты яр, а зьверху пабудавалі гаражы ды стаянкі для аўтамабіляў. Такім чынам яны хавалі месца злачынстваў, бо ўжо быў досьвед, калі Зянон Пазьняк і іншыя архэолягі, папрацаваўшы ў Курапатах, здабылі шматлікія доказы генацыду Расейскай імпэрыі на беларускай зямлі.
Высілкамі грамадзкасьці ў Лошыцы усталяваны Крыж пакутнікам. Ён заўжды абвязаны бел-чырвона-белым ручніком. Ля падножжа – кветкі. Кожны раз на Дзяды тут заўжды зьбіраюцца беларусы, ушаноўваюць памяць ахвяраў сталінскага генацыду.
Памятаю, як 9 лістапада 2008 году вядомы беларускі апазыцыянэр Юрась Беленькі заклікаў патрыятычную грамадзкасьць быць пільнай. Вось словы гэтага папярэджаньня:
“У адпаведнасьці з горадабудаўнічымі плянамі, якія дайшлі да нас, вядома, што ўлады зьбіраюцца цалкам зьнішчыць гэтае месца. А менавіта: пракласьці па магілах дарогу, як у свой час яны пад выглядам рэканструкцыі дарогі хацелі зьнішчыць Курапаты. З улікам таго, што па памерах Лошыцкі Яр істотна меншы, чым Курапаты, і з улікам таго, што гэта нізіна, прадугледжваецца, што ён амаль цалкам будзе засыпаны вялізарным слоем грунту й зьверху пройдзе аўтамабільная траса. Такім чынам яны паспрабуюць схаваць сьляды гэтага злачынства”.
Што ж, звон, як гаворыцца, грымнуў. Цяпер нават у суботу і нядзелю таўкуцца будаўнікі на аб’екце чарговай “рэканструкцыі па-менску”. Бульдозэры і экскаватары ад раніцы да цёмнага рыюць зямлю справа ад лошыцкага “рабога моста” ў накірунку да Крыжа пакутнікам . У глыбокія траншэі закопваюць мэталічныя, бетанаваныя і чорныя з плястмасы трубы для падземных камунікацыяў.
Сёньня, у суботу, ад раніцы я каравуліла ля каўша экскаватара, які ўгрызаўся ў глебу і высыпаў яе ў кузаў самазвалу. Цяжка было заўважыць, ці ёсьць ў вывернутым грунце косьці. Не гаварылі пра тое і будаўнікі. Але з гутаркі зь імі вынікала, што людзі нават нічога не чулі пра Лошыцкі яр і расстрэлы ў ім. Ніхто іх не папярэдзіў, што трэба быць пільнымі. Калі ж я паказала на Крыж пакутнікам і паведаміла пра раскопкі Зянона Пазьняка, то твары мужчынаў пахмурнелі. Як высьветлілася, у радні трох зь іх былі ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Іван, Мікалай І Юры папрасілі нумар тэлефону, абяцалі тэрмінова тэлефанаваць, калі тэхніка напорацца на былыя пахаваньні.
Веру суразмоўцам, але нагадваю, што сябры КХП-БНФ неаднойчы спрабавалі даведацца ў гарадзкіх уладаў аб плянах наконт Лошыцы. Адказ заўжды быў той самы: маўляў, плян пакуль канчаткова не прыняты, асобныя яго пункты ўвесь час удакладняюцца.
Дарэчы, падобная сытуацыя калісьці была й з плянамі наконт Парку Чалюскінцаў, дзе таксама ў 1930-ых гадох расстрэльвалі мірнае насельніцтва. Гарадзкія ўлады прынялі рашэньне аб пабудове на месцы масавых пахаваньняў забаўляльных аб’ектаў.
Усяго ў Менску каля 15 мясьцінаў, у якіх сыстэма ЧК-ГПУ-НКВД расстрэльвала людзей. Лошыца – чарговы нацыянальны пантэон, які ўлада спрабуе цяпер зьнішчыць.