viasna on patreon

Валеры Булгакаў: «КДБ прысвойвае сабе функцыі ідэалагічнага кантролю»

2009 2009-02-17T12:46:40+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valer_bulhakau_20.jpg
Валер Булгакаў, фота "Нашай Нівы"

Валер Булгакаў, фота "Нашай Нівы"

Упраўленне КДБ па Брэсту і Брэсцкай вобласці патрабуе прызнаць, што адабраныя ў Алеся Пашкевіча асобнікі «ARCHE» з’яўляюцца “экстрэмісцкімі і належаць знішчэнню”. Менавіта з гэтай нагоды рэдакцыю часопіса «ARCHE-Пачатак» выклікалі ў суд Маскоўскага раёна Брэста . Сустрэча ў судзе прызначана на 25 лютага. Зыскоўца давозіць што, некаторыя публікацыі №7-8 «ARCHE» ўтрымліваюць інфармацыю “з прыкметамі экстрэмісцкай скіраванасці”, што, на думку брэсцкіх чэкістаў “стымулюе пратэстныя настроі насельніцтва і распальвае сацыяльную варожасць па палітычных матывах”.

Як ён ставіцца да гэтага зыску і гэтых абвінавачванняў, карэспандэнту www.Euramost.org расказаў рэдактар «ARCHE» Валеры Булгакаў.

-- Як вы сябе адчуваеце ў ролі рэдактара ледзь не экстэмісцкага часопіса?
-- Пакуль рашэнне суда не ўступіла ў законную сілу, мы не можам сцвярджаць, што «ARCHE» -- экстрэмісцкі часопіс. Пакуль што, гэта толькі прыватная думка работнікаў Упраўлення КДБ па Брэсце і Брэсцкай вобласці. Пабачым, ці ўдасца ім падтрымаць сваё абвінавачванне ў судзе Маскоўскага раёна горада Брэста. Я спадзяюся, што, нават не справядлівасць, а здаровы розум, падкажа нашым суддзям, што гэты зыск – не больш, чым глупства і справа рассыплецца ў ходзе судовага паседжання. С другога бока, ёсць такая рэч, як карпаратыўная салідарнасць. Лічу, што нам адстаяць у судзе свае інтарэсы будзе вельмі цяжка. Прынамсі, раней «ARCHE» не ўдавалася выйграваць пазовы, пададзеныя дзяржаўнымі арганізацыямі. Але найбольш мяне абурае ў гэтай сітуацыі тое, што, фактычна, Камітэт дзяржаўнай бяспекі вярнуўся да савецкіх практык і ўзяў на сябе ідэалагічныя, цэнзарскія функцыі. Гэта шок – у 2008-2009 годзе мы маем вяртанне да таталітарных практык. Паводле закона «Аб СМІ», нагляд за зместам СМІ, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусіажыццяўляюць толькі Міністэрства інфармацыі і Генпракуратура, якая таксама можа выносіць папярэджанні СМІ. Тут дэ факта мы бачым з'яўленне трэцяга суб'екта, які прысвойвае сабе функцыі ідэалагічнага кантролю. Бо ніяк іначай тыя абвінавачванні, якія ёсць у пазове, складзеным Брэсцкім упраўленнем КДБ для суда Маскоўскага раёна, растлумачыць немагчыма, на мой погляд.

-- У мяне склалася ўражанне, што больш за ўсё супрацоўнікаў КДБ пакрыўдзіла параўнане ў адным з артыкулаў чэкістаў і гестапаўцаў. Чаму, як вы лічыце?
-- Гэта абарона свайго мундзіра. Але парадокс у тым, што гэта абарона ажыццяўляецца ў імя Беларускай дзяржавы. Мне не зразумела, які дзяржаўны інтарэс у тым, каб у судовым парадку караць за такое параўнанне? Вядома, што з 1939 па 1941 гады два таталітарныя рэжымы, Савецкі Саюз і фашысцкая Нямеччына, вельмі блізка супрацоўнічалаі і, можна сказаць, знаходзіліся ў саюзніцкіх дачыненнях. У дадзеным выпадку Упраўленне КДБ па Брэсце і Брэсцкай вобласці спрабуе абяліцьсталінскую таталітарную дыктатуры і яе сатанінскую прыроду.

Намеснік старшыні Беларускай асацыацыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец так пракаментаваў сітуацыю з часопісам «ARCHE» і позвай у суд.

-- Калі сітуацыю аналізаваць з пункту гледжання юрыста, то ў мяне ёсць шмат пытанняў нават датычна працэдуры падачы гэтага зыска. І калі мы ўзгадаем зыскі, якія ў Гродзенскай вобласці падаваліся, то бачым, што там таксама былі гэтыя пытанні, у выніку якіх зыскі не разглядаліся. Напрыклад: ці магчыма падача зыска па фармулюўцы «устанаўленне фактаў, якія маюць юрыдычныя значэнні» ў дадзеным выпадку? А таксама – ад таго імя, ад якога яны падаваліся? А што тычыцца зместу самаго зыска, як кажуць, матэрыяльнай часткі, тут пытанняў не менш. Бо з такімі падыходамі можна любую кнігу ці выданне аб'яўляць экстрэмісцкай, знаходзіць там нейкія фразы. Што і рабілі прадстаўнікі КДБ Брэсцкай вобласці. Увогуле, мне падаецца, што гэта сапраўдная ганьба, калі такія зыскі прад'яўляюцца. Самае цікавае, што экстрэмісцкім заклікам ці прапагандай экстрэмізму прадстаўнікі КДБ лічаць параўненне чэкістаў і гестапаўцаў. Але якіе гэта мае адносіны да сённяшняга КДБ Беларусі? Відаць, яны лічаць, што чэкісты і КДБ – гэта адзін орган, адна гісторыя. І паступаюць у адпаведнасці з гэтым. Я спадзяюся, што суд не вынесе рашэнне, якое потым будзе выклікаць толькі здзіўленне і смех.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства