Ператрусы да дня Сьвятога Валянціна
14 лютага людзі ў цывільным ўварваліся ў менскую кватэру, у якой знаходзяцца актывісты “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка, Валер Мацкевіч і Вадзім Ханяўка. У кватэры ўсчалі ператрус, які трываў да 15:30.
Людзі ў цывільным адмовіліся прадставіцца. На просьбу Міколы Дземідзенкі паказаць дакумэнты, яны павалілі хлопца на падлогу, а потым зачынілі яго на кухні.
Невядомыя забралі з сабой налепкі з заклікам далучыцца да сьвяткаваньня Дня сьвятога Валянціна, а таксама ноўтбук, друкарку, сканэр і відэакамэру.
Хлопцаў затрымліваць не сталі.
За апошнія суткі гэта ня першая спроба супрацоўнікаў міліцыі і КДБ зрабіць ператрус на кватэрах актывістаў перад акцыяй 14 лютага.
Учора ноччу супрацоўнікі міліцыі на чале з кіраўніком аддзелу грамадзкай бясьпекі Ленінскага раёну сп. Грышчанкам правялі ператрус на кватэры актывісткі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Касі Галіцкай.
У яе забралі расьцяжкі, плякаты, наглядную агітацыю, якую маладафронтаўцы падрыхтавалі да акцыі ў Дзень сьвятога Валянціна. Дзяўчыну затрымліваць ня сталі.
Кася Галіцкая была адной з заяўніц у звароце на правядзеньне акцыі, накіраваным у Менгарвыканкам. Менскія ўлады акцыю не санкцыянавалі. Маладафронтаўцы заявілі, што правядуць яе ўсё адно.