Аўганскі ветэран адмовіўся ад юбілейнага медаля
Шафёр сельскагаспадарчага прадпрыемства “Бярозаўскае”, ветэран вайны ў Аўганістане Вячаслаў Матус адмовіўся ісці ў Першамайскі сельвыканкам атрымліваць юбілейны медаль да 20-годдзя вываду войскаў з Аўганістана.
Як паведаміў ветэран В.Матус Радыё Рацыя, ён не прасіўся на аўганскую вайну, яго накіравалі ваяваць за чужыя інтарэсы, не спытаўшы, ці хоча ён гэтага. Яго жыццё падверглі смяротнай небяспецы, а цяпер аставілі на мізэрным заробку, пазбавілі ільгот. Пра што ён даведаўся, калі ў электрычцы трапіў у рукі кантралёраў і яго ледзьва не аштрафавалі, як безбілетніка. Ад кантралёраў даведаўся, што толькі ў аўтобусе можа паказваць сваё пасведчанне, там, маўляў, яшчэ застаўся бясплатны праезд для “аўганцаў”.
Само ўручэнне медаля старшынёю сельвыканкама – гэта таксама для Вячаслава Матуса прыніжэнне. Па словах ветэрана, раскінулі медалі па сельвыканкамах для адцапнога. Якія адносіны мае старшыня сельвыканкама да аўганскай вайны?
Вячаслаў Матус, які адбыў на аўганскай вайне 2 гады 4 дні, намераны вярнуць усе 5 узнагарод, якія мае, калі не вернуць ільготы.