Алёна Аўтуховіч: "Гэта грэх – вінаваціць нас у тэрарызме"
Калі ў дом уварваліся байцы "Алмаза", Аўтуховіч толькі і сказаў жонцы: "Алёна, збяры мне сумку". Пра тое, як праходзіла акцыя, распавядае Алёна Аўтуховіч і супрацоўнікі фірмы, дзе працаваў яе муж.
Алёна Аўтуховіч: – Спачатку мы атрымалі павестку, што яго умоўна-датэрмінова вызваляюць. Судовае паседжанне адбудзецца а 14.30. А ў нядзелю ўварваліся, наляцелі, уламаліся яны. Я не ведаю, як гэта назваць, якім словам вызначыць іх з'яўленне на світанку. Спачатку я пачула сабачы брэх і ўстала паглядзець, што там. І тут ўрываюцца яны. Схапілі мяне за руку і павялі на другі паверх. Я ім сказала: "Шукайце, толькі я не ведаю, што вы ад нас хочаце".
Аднаго я пазнала, ён быў без маскі. Гэта, здаецца, следчы з Гродна, нейкі Кухарчык. Ён і раней у нас праводзіў ператрус. Сеў за стол, дастаў нейкія паперы. Яны былі агрэсіўныя, некаторыя з пісталетамі. Я не ведаю, колькі гэта працягвалася, але шукалі ўсюды. А мы не маглі нават кроку ступіць, сачылі за намі.
Што знайшлі? А вось далі пратакол. Тэлефоны, сім-карткі, рэчавыя сумкі, дзіцячыя відэакасеты, нават лісты Колі з калоніі. Пасля таго яго забралі і павезлі немавед куды. Не кажуць жа, хаваюць. А потым па беларускім тэлебачанні сказалі, што ў нас знайшлі выбухоўку, зброю. Але вось гляньце, пратакол выняцця, у ім пералічанае ўсё, што я назвала. Тое, што гэта хлуслівае тэлебачанне – не сакрэт і не адкрыццё. Але вінаваціць нас у тэрарызме, хлусіць да такой ступені - недапушчальна. Гэта - грэх, і за яго кожнаму Бог заплоціць.
Супрацоўнікі фірмы, дзе працаваў Аўтуховіч, задаюць пытанні: “Чаму? Завошта?”. Многія людзі не выйшлі на працу з-за перанесенага стрэсу. Раніцай, калі ішла перазменка, ваяўнікі ў масках уварваліся і туды. Распавядаюць сведкі акцыі:
– Яны з'явіліся на машынах і пехам. Усе былі ў масках і хутка акупавалі тэрыторыю. Не ведаю, колькі іх было, але шмат, чалавек сорак. Ішлі і ішлі з усіх завуголляў.
– Яны ўсіх кіроўцаў, што прыйшлі на перазменку, паставілі на расцяжку: ногі на шырыні плеч, рукі - на капот. Абшуквалі не толькі салоны, багажнікі, але і нас саміх.
– На маршруты таксоўкі не выпускалі, толькі потым, пасля вобыску, пачалі выганяць па адной машыне. Што шукалі - невядома. На тэрыторыю фірмы заехаў аўтафургон, з яго павыскоквалі людзі і пачалі мінашукальнікам прагладжваць усю тэрыторыю. Нічога не знайшлі, падаліся ў офіс. Там таксама нічога не знайшлі, але пазабіралі нават візітоўкі і асабістыя запісы.
– Сітуацыя была нервовая, асабліва ад таго, што чалавек ня ведае - навошта тут гэтыя людзі? Праца пачалася толькі бліжэй да абеду, і тое выехала толькі палова машын. І нават сёння некалькі таксовак стаяць, бо кіроўцы не могуць ачомацца ад шоку.