viasna on patreon

Інтэрнэт на службе спэцслужбаў

2009 2009-02-11T10:23:03+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/virus3.jpg

Выпадкі, калі супрацоўнікі спэцслужбаў шукаюць патэнцыйных агентаў у інтэрнэце, сталі нярэдкай зьявай. Супрацоўнікі КДБ запрашаюць студэнтаў у дэканаты і кажуць, што прасачылі іх віртуальныя кантакты. Яны патрабуюць супрацоўнічаць, пагражаючы адлічэньнем з вучобы. Правайдэры цьвердзяць, што ў беларускіх умовах сачыць за віртуальнымі кантактамі ня цяжка.

Генэральны дырэктар унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы”, старшыня савету дырэктараў Tut.by Юры Зісер паведаміў “Свабодзе”, што прасачыць за інтэрнэт-кантактамі ў Беларусі не складае цяжкасьцяў.

“Інтэрнэт — гэта сукупнасьць прыватных сетак, злучаных адна з адной. Любы выхад у інтэрнэт, любы ліст, любы запыт пратакалюецца. У правайдэраў застаюцца логі, і на запыт службаў гэтую інфармацыю даюць.

На ўсё патрэбная санкцыя пракурора. Тэхнічна гэта вельмі проста, асабліва ў беларускіх умовах, калі ўвесь трафік ідзе празь “Белтэлекам” і часта няма патрэбы зьвяртацца да прыватных правайдэраў.

Нават калі скрыня на gmail.com, то ў саму скрыню не патрапяць, але калі вы атрымліваеце доступ да сваёй пошты і яна ў вас на экране, яна ж неяк перадалася? Вось у гэты момант яе прачыталі”.

Спэцслужбы ў іншых краінах выкарыстоўваюць інтэрнэт для пошуку тэрарыстычных арганізацый ці  злачынцаў. У ЗША, напрыклад, кожны правайдэр мае канал для ФБР, у Расеі для гэтага выкарыстоўваецца сыстэма СОРМ.

Юры Зісер лічыць, што за кантактамі канкрэтных людзей прасачыць можна. Для гэтага можна ўзяць выказваньне таго ці іншага чалавека на форумах, запатрабаваць потым ягоны IP-адрас, дату і час заходу. Правайдэр скажа, зь якога офісу пісаў чалавек ці зь якой кватэры.

Намесьнік кіраўніка менскага гарадзкога аддзелу барацьбы зь незаконным абаротам наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры маральнасьці Ігар Луневіч паведаміў “Свабодзе”, што ягоныя супрацоўнікі ў пошуках злачынцаў увесь час карыстаюцца інтэрнэтам, але сёлета эфэктыўнасьць зьнізілася.

“У нас ёсьць, не сакрэт, сайты, дзе ня толькі жанчыны разьмяшчаюць інфармацыю пра аказаньне інтымных паслуг, але й сутэнэры, якія так і пішуць: “набіраем дзяўчат для паездкі, для здымкаў у парнафільме”. Гэта ўсё адсочваецца з мэтай выкрыцьця фігурантаў.

Можна сказаць, што інтэрнэт дапамагае, але трэба мець на ўвазе, што кожны год мяняецца і стыль зьдзяйсьненьня злачынстваў. Даводзіцца прыстасоўвацца. Калі два гады таму з дапамогай інтэрнэту выяўлялі 50%, летась — каля 80%, то сёлета ўжо так усё латэнтна і схавана… Злачынцы ж разумеюць, як іх знаходзяць, і робяць нейкія новыя захады“.

Адмыслоўцы кажуць, што нават ліставаньне праз Skype можна прасачыць. Для гэтага ёсьць адпаведныя праграмы. Можна, напрыклад, чытаць інфармацыю з пасьлядоўнасьці націснутых клявішаў.

Гаворыць кіраўнік аддзела барацьбы са злачынствамі ў сфэры маральнасьці Сяргей Герасімаў:

“Вы ж разумееце, што мы цяпер ня можам раскрыць усе тэхналёгіі, як можна здабываць інфармацыю і сачыць за злачынствамі ў інтэрнэце, бо злачынцы нас паслухаюць і зробяць з гэтага высновы”.

Назіральнікі адзначаюць, што адна справа — зьбіраць інфармацыю з мэтай раскрыць злачынства ці прадухіліць яго. Іншая справа — сачыць за кантактамі актывістаў ці звычайных грамадзянаў, якія працуюць на розных прадпрыемствах і выказваюць словы падтрымкі тым ці іншым дэмакратычным арганізацыям на форумах іхных інтэрнэт-сайтаў. У любым выпадку супрацоўнікі спэцслужбаў павінны мець санкцыю пракурора на праслухоўваньне тэлефонных размоваў і пэрлюстрацыю прыватнага ліставаньня праз электронную пошту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства