Суд адправіў актывіста да псыхіятра
Аляксандра Жыдкевіча, грамадзкага актывіста з Гарадоччыны, судзьдзя пастанавіў скіраваць на псыхіятрычную экспэртызу, перш чым разглядаць далей крымінальную справу, ініцыяваную супраць яго раённай пракуратурай.
Спадара Жыдкевіча, фэльчара-стаматоляга Бычыхінскага ФАПу, вінавацяць у атрыманьні незаконнага ўзнагароджаньня ад пацыентаў. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы сталіся запісы ў кнігу скаргаў, зробленыя мясцовым жыхаром праз два месяцы пасьля прыёму. Зьявіліся яны якраз пасьля таго, як Аляксандар Жыдкевіч добраахвотна стаў незалежным назіральнікам на мясцовым выбарчым участку на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Судовы працэс распачаўся па месцы жыхарства падсуднага — у вёсцы Бычыха Гарадоцкага раёну. Тамтэйшы вясковец Уладзімер Кулік, які зрабіў запіс у кнізе скаргаў пра нібыта нядобрасумленную працу маладога фэльчара, на суд не зьявіўся.
Малады адмысловец-стаматоляг Аляксандар Жыдкевіч, які толькі летась пачаў сваю працоўную дзейнасьць, лічыць захады пракуратуры супраць яго перасьледам за актыўную грамадзкую пазыцыю.
Яму інкрымінуюцца чатыры эпізоды быццам бы атрыманьня незаконнага ўзнагароджаньня. Абвінавачаньне выстаўлена па артыкуле 433 Крымінальнага Кодэксу. Пакараньнем паводле гэтага артыкулу можа быць абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін.
Пытаньне пра неабходнасьць мэдычнага абсьледаваньня Аляксандра Жыдкевіча паўставала яшчэ падчас сьледзтва, але пракуратура адмовілася даць падазраванаму накіраваньне ў псыхіятрычны шпіталь. Падчас сёньняшняга пасяджэньня судзьдзя Ўладзімер Гладкоў задаволіў адпаведнае хадайніцтва абаронцы падсуднага Ірыны Бернік.
Гарадоцкі сябар руху “За свабоду” Леанід Гаравы, дапушчаны да ўдзелу ў працэсе ў якасьці грамадзкага прадстаўніка падсуднага, лічыць судовы працэс супраць мясцовага актывіста яшчэ адным цяжкім жыцьцёвым выпрабаваньнем для маладога чалавека, які ў дзяцінстве страціў маці і бацьку, выхоўваўся ў Езярышчанскім інтэрнаце і цяпер паспрабаваў адстойваць свае грамадзянскія правы.