Анжаліка Борыс дала паказаньні ў міліцыі
10 ліпеня ў Ленінскі РАУС Горадні была выкліканая не прызнаваная беларускімі ўладамі старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, паведаміла Радыё Свабода.
Выклікалі Анжаліку Борыс па чарговай скарзе Тадэвуша Кручкоўскага, які заявіў у міліцыю, што ў сядзібе Саюзу палякаў зьніклі штандары і пячатка. У пастарунку Борыс прабыла 40 хвілінаў.
Пасьля размовы ў міліцыі Анжаліка Борыс сказала журналістам: “Мяне выклікалі ў міліцыю па чарговым даносе Кручкоўскага. Ён напісаў, што ў Саюзе палякаў зьніклі штандары і пячатка. Я мусіла пісаць тлумачэньне. Напісала, што нас выцягнуў з будынку Дому польскага АМОН і я ўсе свае рэчы там пакінула. Былі сьведкі гэтага. Я напісала, што ў Доме польскім дасюль застаўся яшчэ кампутар журналіста “Газэты выборчай” і іншыя рэчы – нам гэтага ніхто не вярнуў. Напісала, што калі 28 ліпеня прыйшлі забраць свае рэчы, то нас міліцыя не пусьціла ў Дом польскі”.