“Не пры гэтай уладзе такія дзеяньні міліцыі будуць пакараны, але рана ці позна ім давядзецца адказваць за свае ўчынкі", -- сказала Сьвятлана Завадзкая, азнаёміўшыся з дакументамі пракуратуры.
Сьвятлана Завадзкая азнаёмілася з матэрыяламі праверкі сваёй заявы, якую правяла пракуратура Цэнтральнага раёну Менску. Толькі цяпер ёй дазволілі прагледзець усе сабраныя дакумэнты. Пра новыя падрабязнасьці гэтай справы распавёў карэспандэнт радыё Свабода.
Цяпер Сьвятлана Завадзкая ведае прозьвішчы двух амонаўцаў, якія давалі тлумачэньні, гэта – Давідовіч і Марцінкевіч. У пастанове пракуратуры гаворыцца: “толькі пасьля атрыманьня ад Завадзкай ўдару ў твар, Давідовіч з мэтай самаабароны і прадухіленьня неправамерных паводзінаў Завадзкай, выкінуў у яе бок рукі і пры гэтым закрануў правым далонем твар. Пры такіх дзеяньнях складу злачынства ў дзеяньнях Давідовіча не ўтрымліваецца”.
З матэрыялаў вынікае, што пастанова грунтуецца толькі на паказаньнях міліцыянтаў і самой Завадзкай, ніхто з удзельнікаў акцыі ня быў дапытаны. Дзіўным выглядае і тое, што амонавец Давідовіч а палове першай, у ноч з 7 на 8 ліпеня, зьвярнуўся ў другую гарадзкую лякарню, каб зьняць пабоі. Гэта адбылося пасьля таго, як Завадзкая падала скаргу ў пракуратуру, пайшла здымаць пабоі ў мэдычнай установе.
Сьвятлана Завадзкая сумняваецца ў аб'ектыўнасьці праведзенай пракуратурай праверкі: "Там жа ўказваецца, што гэта я ўчыніла проціпраўныя дзеяньні і аказваецца нават зьбіла не аднаго амоўнаўца, а двух. Такое ўражаньне, што тое, што яны хацелі ўбачыць, тое яны і ўбачылі, а што не хацелі – не ўбачылі. Гэта агульная тэндэнцыя, якая існуе ў нашай краіне. Я думаю, што ўсё, што мы будзем абскарджваць, будзе захоўвацца да пэўнага часу і я думаю, што не пры гэтай уладзе такія дзеяньні міліцыі будуць пакараны, але рана ці позна ім давядзецца адказваць за такія ўчынкі".