viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Праблемы катавання і грамадскага кантролю над органамі ўнутраных спраў, спецслужбамі не губляюць актуальнасці для Беларусі”

2009 2009-02-06T15:59:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Абмеркаванне сітуацыі недаверу грамадскасці да судоў і пракуратуры, суровых рэаліяў пенітэцыярнай сістэмы апошнім часам набыло новы размах у нашым грамадстве. Паколькі адпаведная інфармацыя з’яўляецца дастаткова закрытай, а часам і засакрэчанай, складана ацаніць маштабнасць гэтых праблемаў. Але, нягледзячы на тое, яны  з’яўляюцца рэаліямі нашых дзён.

 

Так на гэтым тыдні з нагоды Міжнароднага дня забароны катаванняў прадстаўнікі праваабарончай супольнасці агучылі факты, якія сведчаць пра ўжыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання з затрыманымі і арыштаванымі з боку службовых асобаў - нягледзячы на тое, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за гэта. 

 

-  Праблема катавання для Беларусі з’яўляецца актуальнай. Хаця варта адзначыць, што яна носіць латэнтны характар, таму што грамадзяне Беларусі шмат у якіх выпадках баяцца абскаржваць незаконныя дзеянні службовых асобаў у дачыненні да сябе ў вышэй стаячых інстанцыях. Да таго ж нашая судовая сістэма, якая, на жаль, не з’яўляецца зусім незалежнай, органы пракуратуры не рэагуюць належным чынам на такія факты, - каментуе сітуацыю праваабаронца Валянцін Стэфановіч.


У якасці яскравага прыкладу праваабаронца прыводзіць справы маладых людзей з Бялынічаў, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні забойства ў вёсцы Бялыніцкага раёна. Тады, летам 2005 году, былі пазбаўленыя жыцця адразу шэсць чалавек, сярод якіх было двое дзяцей.

 

-  Тое, што гэтыя маладыя хлопцы былі падвергнутыя незаконным метадам следства, супраць іх здзяйсняліся катаванні, а менавіта збіццё, маральныя пакуты, у выніку чаго яны былі вымушаныя сябе абгаварыць, - ужо факт, які пацвердзіўся падчас слуханняў гэтай крымінальнай справы ў судзе, у тым ліку і ў судзе Магілёўскай вобласці. Часам такія факты знаходзяць галоснасць і рэзананс у грамадстве, але, нажаль, не так часта. Тое самае можна сказаць і пра выпадак у Віцебску, дзе супрацоўнікі міліцыі былі нядаўна асуджаныя, калі не памыляюся, на чатыры гады пазбаўлення волі за тое, што ў снежні 2006 году збілі чалавека ў пастарунку такім чынам, што ён нават быў дастаўлены ў шпіталь. І ўвесь гэты час тыя міліцыянты выконвалі свае прафесійныя абавязкі, - дадае Валянцін Стэфановіч.

 

Да праблемы катавання далучаецца і пытанне нашай пенітэцыярнай сістэмы наогул:

 

- Шмат у якіх выпадках умовы утрымання ў нашых турмах, следчых ізалятарах вельмі далёкія ад мінімальных стандартаў утрымання зняволеных, якія устаноўленыя міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. Прынамсі, той даклад, які рыхтаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна” сумесна з Міжнароднай Федэрацыяй правоў чалавека на падставе інтэрвьюіравання былых вязняў турмаў, сведчыць пра тое, што сітуацыя не выпраўленая і дагэтуль. Следчыя ізалятары вельмі часта перапоўненыя, на адно спальнае месца прыходзіцца па тры-чатыры чалавекі, вялікі працэнт захворвання на сухоты ў СІЗА. Да “Вясны” таксама даходзіла інфармацыя аб выкарыстанні катаванняў у дачыненні да вязняў. У прыватнасці, у Мазырскай калоніі, лісты зняволеных з якой мы дасылалі ў Камітэт ААН па катаваннях  і спецдакладчыку ААН па Беларусі Андрыяну Севярыну. Дарэчы, ён узгадвае некаторыя з гэтых фактаў у адным са сваіх дакладаў па сітуацыі ў Беларусі.

 

Валянцін Стэфановіч адзначыў таксама, што закрытасць, утоенасць падобнай інфармацыі ад грамадства тлумачыцца і агульным становішчам праваабарончых арганізацыяў у нашай краіне.

 

- Праваабарончыя арганізацыі Беларусі, якіх зарэгістраванымі ёсць не так шмат, пазбаўленыя магчымасці паўнавартаснага маніторынгу месцаў пазбаўлення волі, псіхіятрычных лячэбніцаў, ЛТП і іншых месцаў, дзе прымусова ўтрымліваюцца грамадзяне, на прадмет выкарыстання катаванняў. Нягледзячы на тое, што створаныя саветы па нагляду за пенітэцыярнымі сістэмамі. У гэтыя саветы уваходзяць, як правіла, праўрадавыя арганізацыі, якія вельмі фармальна падыходзяць да гэтых пытанняў. Іх праца ў асноўным зводзіцца да наведвання СІЗА, канцэртаў зняволеных і фармальных справаздачаў пра гэтыя паездкі. Паўнавартасных маніторынгаў, паўтараю, пры гэтым ніхто не праводзіць.

 

Праваабаронца падкрэслівае, што для Беларусі застаецца вельмі актуальнай і 

праблема грамадскага кантролю над органамі ўнутраных спраў, спецслужбамі:

 

- Пытанні катаванняў актуальныя для ўсіх краінаў, але ў краінах Еўропы грамадскі кантроль над МУС, мінабароны, спецслужбамі вельмі высокі. Варта хаця б нагадаць, што шмат у якіх дзяржавах міністрамі ўнутраных спраў з’яўляюцца цывільныя грамадзяне, а не афіцэры МУС. То бок, такім чынам нівілюецца тая карпаратыўная сувязь супрацоўнікаў міліцыі, якая вельмі часта прыводзіць да таго, што злачынствы, перавышэнне службовых паўнамоцтваў проста пакрываюцца з гэтых карпаратыўных інтарэсаў.


Нагадаем, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі дагэтуль няма артыкула аб катаваннях.

 

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымінальную адказнасць за перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, спалучанае з ужываннем гвалту, пакутаў ці абразай пацярпелага ці выкарыстаннем зброі і спецыяльных сродкаў (ч. 3 арт. 426 КК), а таксама за прымус да дачы паказанняў, спалучаны з гвалтам ці здзекам, ужываннем катаванняў (ч. 2, 3 арт. 394 КК).   

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства