viasna on patreon

Дзіцячы хоспіс ператварылі ў гуманітарную "клетку"

2009 2009-02-05T12:06:13+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Слоніме безнадзейна хворым дзеткам дабрачынныя людзі дапамагаюць псіхалагічна, сацыяльна і матэрыяльна. Затое райвыканкам вылучыў памяшканне без вады, туалета, цяпла…

Ні для каго не сакрэт: у Беларусі няма адзінага грамадства.  Ёсць дзяржава ў дзяржаве – чыноўнікі з сілавымі структурамі – і ўсе астатнія.Галоўны матыў першых – застацца на сваіх месцах як мага даўжэй, а для гэтага трэба не варушыцца і нічога не рабіць. Другім трэба проста выжыць у такой сітуацыі. Дзе ж тут да спачування і дзе ж тут да паглыблення дабрыні. Мы не можам засвоіць новыя яе віды, гэта немагчыма пры адсутнасці маралі.

Найцяжэйшае пакаранне для чалавека – адзінота. Двойчы найцяжэйшае – хворая адзінота. Тры гады назад у Слоніме за кошт ахвяраванняў людзей і замежных (не сваіх) спонсараў быў адчынены дзіцячы хоспіс. Варыянтаў яго існавання шмат, і ў Слоніме выбралі той, які найбольш адпавядае – паліатыўны. Гэта значыць, што безнадзейна хворым дзеткам дабрачынныя людзі дапамагаюць псіхалагічна, сацыяльна, духоўна і матэрыяльна, каб аблегчыць жыццё. І не толькі іх, але і бацькоў, таму што ім вельмі цяжка змагацца з такім прысудам сам на сам.

Канешне, у першую чаргу трэба было памяшканне з усімі выгодамі, бо як хворае дзіця заедзе ці зойдзе ў прыбіральню на двары, без ніякіх зручнасцей? Думаеце, мясцовая ўлада звярнула на гэта ўвагу? Выдзелілі на тэрыторыі СШ № 4 малюсенькае памяшканне без вады, побач няма туалета, зімою холадна – вось гуманізм слонімскіх чыноўнікаў. На той час старшынёй мясцовага райвыканкама быў сёлетні член Палаты прадстаўнікоў, дарэчы. Як і дарэчы нагадаць тое, што камунальныя выплаты хоспісу ўстанавілі, як для прадпрыемстваў.

Усё гэта не дазваляе пашырыць спектр аказваемых паслуг безнадзейна хворым, а аб павелічэнні штату і гаварыць не прыходзіцца. Добраахвотныя супрацоўнікі хоспісу гатовы адчыніць дзённае аддзяленне для цяжка хворых – іх рэабілітацыі і адаптацыі, а таксама часовы сацыяльны прыют і сацыяльныя ложкі, але дзе ж іх памесціш? Патрэбен яшчэ хоць адзін пакойчык, удвая большы за сённяшні.

І нават у такую гуманітарную "клетку" дзеткі й бацькі едуць, прыходзяць, каб не застацца адзін на адзін з болем. На дапамогу прыходзяць псіхолагі, кансультанты па сацыяльна-прававых пытаннях. Да некаторых на дом выязджаюць брыгады, існуе сястрынскі нагляд і шмат чаго яшчэ добрага, у залежнасці ад стану кожнага хворага.

Галоўнае ж, такім дзеткам і іх бацькам патрэбны зносіны паміж сабой – пагаварыць, падзяліцца болем, паспачуваць. Але немагчыма – ужо тры гады ў холадзе. І тры гады з болем, які ніяк не дойдзе да мясцовага райвыканкама.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства