Брытанскі амбасадар і прадстаўнік АБСЭ наведалі Леванеўскага
5 жніўня Браян Бэнэт, амбасадар Вялікай Брытаніі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, і выканаўца абавязкаў кіраўніка офісу АБСЭ Ваграм Абаджан пабывалі ў Івацэвіцкай калёніі, дзе адбывае пакараньне лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, паведаміла радыё Свабода.
Пасьля сустрэчы дыпляматы адзначылі бадзёры настрой вязьня, нягледзячы на тое, што ў чэрвені ён правёў галадоўку.
Валер Леванеўскі 7 верасьня 2004 году быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Ва ўлётцы, якую ён распаўсюдзіў напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў, было напісана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў адпачываць у Аўстрыю, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Правабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” назвала Валера Леванеўскага і ягонага намесьніка Анатоля Васільева вязьнямі сумленьня.