Сёньня Дзень памяці ахвяраў Халакосту
Сёньня ва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. Гэтая памятная дата была ўстаноўлена Генэральнай Асамблеяй ААН у 2005 годзе. Менавіта 27 студзеня 1945 году Чырвоная армія вызваліла адзін з найбуйнейшых нацыскіх канцлягераў “Аўшвіц-Біркэнаў”.
Ахвярамі Халакосту сталі больш за 800 тысячаў беларускіх габрэяў. На тэрыторыі Беларусі існавала каля 200 лягераў сьмерці.
Мерапрыемства па ўшанаваньні памяці ахвяраў Халакосту адбудзецца сёньня і ў Менску. А 17.00 гадзіне распачанецца імпрэза ў Менскім габрэйскім грамадзкім доме. Распавядае Міхал Гальперын з аб’яднаньня “Хэсэд-Рахамім”.
М. Гальперын: Спачатку адбудзецца мітынг, падчас якога мы запалім жалобныя сьвечы, потым будзе паказ фільму й ўзнагароджаньне ўдзельнікаў конкурсу “Халакост”. На мерапрыемства запрошаныя дыпляматы, у прыватнасьці кіраўнік ізраільскай амбасады, прадстаўнік ААН, а таксама чальцы рэлігійных і сьвецкіх габрэйскіх арганізацый.
Агулам за гады нацысцкай палітыкі генацыду загінулі 6 мільёнаў габрэяў. На той момант гэтая лічба складала палову габрэяў ва ўсім сьвеце.
Тэрмін Халакост упершыню прагучаў з вуснаў ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, пісьменьніка Элі Вэзэля. Словам Халакост ён акрэсьліў газавыя камэры й крэматорыі.