viasna on patreon

Дзяржпрэса ператварае скаржнікаў у "скандалістаў"

2009 2009-01-21T15:01:47+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пяцёра пакрыўджаных уладай жыхароў пасёлка Коханава пайшлі на прыём да карэспандэнтаў абласнога "Віцебскага рабочага". Як кажуць, на сваю галаву.

Рэдакцыя дзяржаўнага выданьня пачала актыўна ажыцьцяўляць "хаджэньні ў народ" – ладзіць сустрэчы ў рэгіёнах, запрашаць на іх прадстаўнікоў улады і незадаволеных нейкімі праблемамі жыхароў. З надрукаваных справаздачаў, як правіла, вынікае адно: чыноўнікі змагаюцца за народны дабрабыт усімі сіламі, а ўсе скаргі на іхную бяздзейснасьць беспадстаўныя.

Так здарылася і з прадстаўнікамі пасёлку Коханава, што на Талачыншчыне. Пяцёра мясцовых жыхароў сталі дэлегатамі ў так званую грамадзкую прыёмную ад імя больш як семітысячнага насельніцтва сельсавету.

Вядомы актывіст, сябар Партыі камуністаў Беларускай Мікалай Петрушэнка прыйшоў прасіць не за сябе. Ён распавёў, што сям’ю Васілеўскіх несправядліва высяляюць з кватэры:

– Уяўляеце, цяжарная жанчына атрымала позву на суд па пазбаўленьні кватэры проста ў радзільні! Яшчэ не нарадзіўся той маленькі чалавечак, а яго ўжо пазбаўляюць даху над галавой! Суд прыняў насправядлівае рашэньне: так, у сям’і ёсьць запазычынасьць па квартплаце, але яе можна было б спагнаць з дарослых сыноў кватэрнай гаспадыні. Між тым прынятае рашэньне выселіць жанчыну разам з усімі сваякамі. Жанчына апынулася ў цяжкім становішчы – пасьля сьмерці мужа стала бязь меры ўжываць алькаголь, але выправілася, уладкавалася на працу. У кватэры зь ёй пражывае дачка, у якой трое дзетак, у тым ліку нованароджаная дачка. Дык ці можа высяленьне лічыць правамоцным?

У адказ на апошняе пытаньне Мікалая Пертрушэнкі старшыня сельсавету Марыя Чачоткіна заявіла, што мясцовыя ўлады й так шмат робяць для гэтай сям’і – трымаюць яе на ўліку як нядобранадзейную. Запазычанасьць за аплату кватэры скаладае дзевяць мільёнаў рублёў, і чаму так здарылася, разьбірацца ніхто ня будзе. Адно што паабяцалі прадстаўнікі ўладаў – працэс высяленьня будзе прыпынены, калі запазычанасьць пачне выплочвацца.

На большасьць пытаньняў, узьнятых М.Петрушэнкам, адказы былі фармальныя. Коханаўская школа, якой спаўняецца 140 год, даўно ня мела рамонту? Чакайце 2010 году: будзе аграгарадок, і на гэта, магчыма, найдуцца сродкі… П’яны трактарыст, пазбаўлены правоў кіроўцы, стаў прычынай гібелі ахвяраў ДТЗ? Гэтым займаецца міліцыя… Дырэктар аднаго з прадпрыемстваў таксама затрыманы за рулём у нецьвярозым стане, але чамусь правоў яго не пазбавілі? Гата па-за нашай кампетэнцыяй… Што робіць адмысловец-пчалавод у апараце кіраўніцтва сельскай гаспадаркай райвыканкаму? Ня ведаем, так ня мусіць быць, трэба разьбірацца…

Яшчэ аднаго мясцовага жыхара, Яўгена Палякова, які хацеў зьвярнуць увагу карэспандэнтаў на заўважаныя ім парушэньні законнасьці з боку жылкамунгасу, "Энэрганадзору" і мясцовых уладаў, карэспандэнты "Віцебскага рабочага" абвясьцілі скаржнікам і паклёпнікам. Напісалі ў абласной газэце, што “ягоныя скаргі мяжуюць з абразамі і паклёпам – "проста шкада, калі гэты разумны, здаецца чалавек, дарэмна траціць свае сілы, здароўе і энэргію".

Коханаўцу Міхаілу Шыпалаву прадстаўнікі уладаў паабяцалі, што калодзеж, які мусілі адрамантаваць яшчэ ў 2006 годзе, будзе абсьледаваны яшчэ недзе праз два гады – калі на стварэньне аграгарадка ў Коханаве дзяржава выдаткуе дадатковыя сродкі. Падобныя "лякальныя" пытаньні, як правіла, заставаліся без канкрэтных адказаў, на якія якраз у спадзяваліся жыхары Коханава.

Затое карэспандэнты "ВР" адзначылі як станоўчы факт тое, што падчас сустрэчы амаль не было "глябальных" скаргаў – на нізкія заробкі, беспрацоўе і сусьветны фінансавы крызіс…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства