viasna on patreon

“Брэсцкая вясна” спрабуе зарэгістравацца

2009 2009-01-21T18:57:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Днямі дакумэнты на рэгістрацыю праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Брэсцкая вясна” будуць накіраваныя ў аблвыканкам. 15 студзеня адбыўся ўстаноўчы сход па стварэньню грамадзкага аб’яднаньня, кіраўніком якога быў абраны праваабаронца Ўладзімір Вялічкін. Ягоным намесьнікам стаў Уладзімір Малей.

Сябры аб’яднаньня ставяць за мэту аказваць юрыдычныя кансультацыі, бараніць правы грамадзянаў у судах і праводзіць адукацыйную працу з моладзьдзю й насельніцтвам.

Паведаміў Ул.Вялічкін: “Кірункі дзейнасьці нашай арганізацыі, у першую чаргу, гэта правы чалавека. Ідэя стварэньня ўзьнікла таму, што сёньня ў Рэспубліцы Беларусь, менавіта ў нашай Берасьцейскай вобласьці, шараговыя грамадзяне практычна не могуць абараніць сваіх правоў. Нашы пасадныя асобы на столькі адмежаваліся ад праблемаў грамадзтва, што перасталі іх заўважаць і цалкам ігнаруюць.

У дадатак, нашая сыстэма адукацыі так пабудавана, што выпускнікі школ, пачынаючы ўласнае жыцьцё, ня стануць бараніць свае правы, таму што не знаёмыя з рэаліямі гэтага жыцьця – і як працуюць законы, і як патрэбна паводзіць сябе ў судах ці ўвогуле ў зносінах з прадстаўнікамі ўлады. Таму бываюць шматлікія жывыя прыклады, калі ўсе намаганьні шараговых грамадзян у спрэчках з уладай, як правіла, безвыніковыя.“

 

Заснавальнікамі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня зьяўляюцца вядомыя ў вобласьці грамадзкія актывісты, якія доўгі час займаюцца праваабарончай дзейнасьцю.

Праз год пасьля ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня Праваабарончы Цэнтар “Вясна”, у 2004 годзе, была спынена й дзейнасьць Берасьцейскай абласной філіі. Праз месяц была спроба зарэгістраваць мясцовую праваабарончую арганізацыю з такой самай назвай. Рэспубліканская Камісія па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у рэгістрацыі адмовіла.

На думку праваабаронцы, выніковае рашэньне ўладаў пакажа, чаго вартыя сёньня заявы ўраду аб лібэралізацыі ў Беларусі.

Нагадаем, што ў нядзелю, 18 студзеня, у Менску адбыўся ўстаноўчы сход грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”. Кіраўніком аб’яднаньня быў абраны вядомы праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Заснавальнікамі “Нашай Вясны” з’яўляюцца праваабаронцы, журналісты і грамадскія дзеячы з розных рэгіёнаў краіны, якія раней уваходзілі ў арганізацыю, ліквідаваную уладамі па рашэньні Вярхоўнага Суда Беларусі яшчэ ў кастрычніку 2003 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства