Заснавальнік Саюзу палякаў на Беларусі Тадэвуш Гавін арыштаваны на 15 сутак
Сёньня, 2 жніўня, ў Гародні супрацоўнікамі Лкнінскага РУУС быў затрыманы адзін з заснавальнікаў Саюзу палякаў на Беларусі Тадэвуш Гавін. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам супрацоўнікі міліцыі палічылі ўчорашнюю акцыю каля Саюзу палякаў у Гародні.
Суд Ленінскага раёну вынес пакараньне Тадэвушу Гавіну – 15 сутак адміністратыўнага арышту. Заснавальнік Саюзу палякаў адвезены адбываць пакараньне ў РУУС Кастрычніцкага раёну Гародні.
Нагадаем, 1 жніўня, у панядзелак, каля будынку Саюзу палякаў у Гародні сабралася каля 120 чалавек. Прадстаўнікі міліцыі палохалі прысутных арыштамі і штрафамі за нібы несанкцыянаваны пікет, але ніхто не разыходзіўся. Людзі спявалі песьні. Усе чакалі прыезду віцэ-маршалка сойму Польшчы Дональда Туска. А палове першай дня Дональд Туск, які ёсць таксама лідарам партыі “Platforma obуwatelska“ (Грамадзянская плятформа), прыехаў да сядзібы.. Разам з ім прыехала некалькі дэпутатаў еўрапарляманту. Дональд Туск зьвярнуўся да прысутных з словамі падтрымкі. Сярод іншага ён сказаў: “Мы выразна ўсведамляем, што гэта ня ёсць канфлікт беларусаў і палякаў. У вас забралі сядзібу, але ў кожнага яна застаецца ў сэрцы. Трымайцеся, ніхто ў Польшчы вас ні на хвіліну не забудзе”.
Пад час гэтай імправізаванай сустрэчы інцыдэнтаў не адбылося. Але пасля таго, як людзі разыйшліся (прыблізна а другой гадзіне), стала вядома, што ўладамі затрыманы прэс-сакратар Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пісальнік (знаходзіцца ў РУУС Шччучынскага раёну да суда, які мусіць адбыцца ў чацьвер, 4 жніўня).
Сйньня ж, 2 жніўня, зранку былі затрыманыя Тадэвуш Гавін, якія выступаў на мерапрыемстве, а таксама намесьнік старшыні Саюзу палякаў Веслаў Кеўляк.