viasna on patreon

Малады фронт рыхтуе Дзень Сьвятога Валянціна

2009 2009-01-14T14:44:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

 

Сёньня актывісткі зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту” Наста Палажанка, Тацьцяна Шапуцька і Кася Галіцкая падалі ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўку на правядзеньне 14 лютага, у Дзень Сьвятога Валянціна, сьвяточнага шэсьця і іншых мерапрыемстваў. У аргкамітэт па адзначэньні “Дня любові” увайшлі вядомыя ў Беларусі асобы – рок-музыкант Піт Паўлаў, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, мастак Алесь Пушкін, кіраўнік Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч ды іншыя.

Як паведаміў лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, арганізараты плянуюць у суботу, 14 лютага, апроч шэсьця і пэрформансаў, правесьці канфэрэнцыю на тэму, што такое любоў для пісьменьнікаў, для мастакоў, іншых творчых людзей, куды мяркуецца запрасіць таксама і служыцеляў розных хрысьціянскіх канфэсіяў.

“Любоў – гэта шматгранны панятак у сучасным сьвеце, і нам, як арганізацыі, заснаванай на хрысьціянскіх каштоўнасьцях, хочацца сцьвярджаць менавіта такое духова-маральнае разуменьне гэтага панятку”, - адзначыў Зьміцер Дашкевіч. Менавіта ў такім кантэксце, па словах кіраўніка “Маладога фронту”, яго арганізацыя і імкнецца праводзіць штогадовыя акцыі на Дзень Сьвятога Валянціна.

Што да сьвяточнага шэсьця, то арганізатары плянуюць пачаць яго а 18-й гадзіне на сталічнай Плошчы Якуба Коласа, прайсьці па праспэкце Незалежнасьці праз Кастрычніцкую плошчу да Плошчы Свабоды. Па словах Зьміцера Дашкевіча, шэсьце пачнецца імправізаваным пэрформансам і віктарынамі, а завершыцца невялікім канцэртам з удзелам беларускіх рок-музыкантаў і бардаў. “Спадзяемся, што гэтае мерапрыемства распачне даволі ўдалы і прыгожы пылітычны сэзон 2009 году”, - сказаў лідэр маладафронтаўцаў.

14 лютага актывісты арганізацыі па традыцыі павіншуюць са Сьвятам Любові – Днём Сьвятога Валянціна амбасадараў эўрапейскіх краінаў, ЗША, а таксама супрацоўнікаў місіяў міжнародных арганізацыяў, якія знаходзяцца ў беларускай сталіцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства