Абласны суд не апраўдаў гарадзенскіх абаронцаў дрэваў
Суд Гарадзенскай вобласці не задаволіў касацыйную скаргу абаронцаў дрэваў, якія паводле рашэння суда былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыянтам.
У лістападзе мінулага года Ігар Лапеха і Надзея Крапівіна былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці судом Ленінскага раёна Гародні і атрымалі штрафы ў памеры 1 мільён 50 тысяч і 875 тысяч беларускіх рублёў адпаведна за пратэст супраць незаконнага на іх погляд знішчэння дрэваў гарадзенскімі ўладамі. Абласны суд пакінуў рашэнне без зменаў і падцвердзіў, што жыхары горада здзейснілі хуліганскі ўчынак. Аднак, Ігар Лапеха перакананы ў тым, што дзеянні ўладаў па вынішчэнні зялёных насаджэнняў з’яўляюцца незаконнымі.
Грамадскія актывісты не пагаджаюцца з пастановай Гарадзенскага абласнога суда і бліжэйшым часам мяркуюць абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным судзе Беларусі.