Выпускнікам ВНУ могуць павялічыць тэрмін адпрацоўкі да 5 год
Пастановай Саўміна №8 ад 8 студзеня 2009 года прадугледжаная рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў для прыцягнення спецыялістаў у сельскагаспадарчыя арганізацыі рэспублікі.
Плануецца падвысіць заробак працаўнікам сяла, стварыць механізм іх рэальнай зацікаўленасці ў эканамічных выніках дзейнасці прадпрыемства, палепшыць забяспечанасць жыллём, распрацаваць галіновыя навукова-абгрунтаваныя нормы колькасці розных катэгорый працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны ў адпаведнасці з узроўнем тэхпераабсталявання, навуковай арганізацыі вытворчасці і працы.
Мяркуецца разгледзець пытанне аб прыёме выпускнікоў ПТВ у вну на скарочаны тэрмін навучання, прымаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профіля да 20% абітурыентаў з сельскай мясцовасці і залічаць іх па асобным конкурсе.
Таксама будуць павялічаныя аб'ёмы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў (да 30% ад кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы адукацыі), тэрмін адпрацоўкі па мэтавым кантракце (да 5 год - для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, да 3 год - для спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, да 2 год - для працоўных (службоўцаў). Збіраюцца скараціць падставы для выдачы даведкі аб самастойным працаўладкаванні і вызваленні ад пакрыцця бюджэтных сродкаў за навучанне ў вну і ссну і ўзмацніць адказнасць за скасаванне дамовы аб мэтавай падрыхтоўцы.