viasna on patreon

Ксяндза з Барысава прымусілі пакінуць Беларусь

2009 2009-01-05T14:43:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Перад самым Новым годам Беларусь быў вымушаны пакінуць ксёндз Зьбігнеў Грыгарцэвіч, які тры гады верай і праўдай служыў Госпаду ў Барысаве. Высылку ксяндза нельга назваць дэпартацыяй – яму, грамадзяніну Польшчы, проста не працягнулі даведкі на рэлігійную дзейнасьць. Упершыню ксёндз Зьбігнеў Грыгарцэвіч патрапіў у стужкі навінаў у верасьні, калі ўлады Барысава спачатку дазволілі яму правесьці фэстываль рэлігійных сьпеваў, а ў дзень адкрыцьця зь міліцыяй сарвалі яго. Ксёндз Зьбігнеў лічыць, што яшчэ тады мясцовыя ідэолягі вырашылі адпомсьціць занадта дзейнаму сьвятару.

З. Грыгарцэвіч: У афіцыйным дакумэнце да эпіскапа было сказана, што прычына высылкі – “па няўзгодненасьці зь мясцовымі ўладамі”. Я прыйшоў да Пархімовіча (Леанід Пархімовіч – старшыня рады па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менскага аблвыканкаму – аўт.) і наўпрост яго запытаўся: “Гэта вы мяне выганяеце з-за гэтага фэстывалю?” А ён сказаў: “Так”.

Апроч ксяндза Зьбігнева зь Беларусі выслалі яшчэ трох каталіцкіх сьвятароў з Гарадзенскай дыяцэзіі. Да ўсіх была аднолькавая прэтэнзія – яны ня ведалі ніводнай дзяржаўнай мовы, а вялі службы выключна па-польску. У выпадку з Грыгарцэвічам такія абвінавачаньні недарэчныя.

З. Грыгарцэвіч: Ніхто ня піша, што я ня ведаю мовы. Я – выкладчык у БДУ, сам Філарэт запрасіў мяне выкладаць гісторыю Каталіцкай царквы, я выкладаю ўжо два гады. У касьцёле я вяду службы па-польску й па-расейску. Але магу таксама па-ўкраінску, па-француску, па-ангельску, па-італійску…

Чаму ж беларускія ўлады не працягнулі ксяндзу Зьбігневу дазволу на працу ў краіне? Усё прыводзіць да верасьнёвага фэстывалю рэлігійных сьпеваў. Бяскрыўдная, як на лёгіку нармалёвага чалавека, дзея выклікала гнеў у чыноўнікаў ад ідэалёгіі. Спачатку дазвол быў дадзены. У азначаны дзень вернікі ўсталявалі вялізны намёт дыямэтрам 36 мэтраў, фэстываль абвесьцілі адкрытым. У фэстывалі мусіў узяць удзел адзін пратэстанцкі калектыў, адзін праваслаўны й некалькі каталіцкіх, а таксама клоўны для дзетак, барды для старэйшых, была падрыхтаваная асобная праграма для моладзі. Усяго фэстываль мусіў цягнуцца тыдзень, па 6-7 гадзін на дзень. У чым жа была небясьпека для ўладаў, на думку ксяндза Зьбігнева Грыгарцэвіча?

З. Грыгарцэвіч: Небясьпека была ў тым, што гэта было за тыдзень да выбараў. І дзеяньні ўлады былі дзіўныя. Бо мы яшчэ задоўга да таго плянавалі правесьці фэстываль у канцы жніўня. Улады тады папрасілі нас перанесьці яго, бо 8 верасьня ў нас быў Дзень пісьменства. Я згадзіўся перанесьці. І яны тады далі нам дазвол праводзіць яго, пачынаючы ад 15 верасьня.

Прыкрасьць высылкі Зьбігнева Грыгарцэвіча яшчэ ў тым, што хоць па грамадзянству ён паляк, але паводле паходжаньня – беларус. Ягоны бацька нарадзіўся ў Налібаках Стаўпецкага раёну, мама – у Друі Браслаўскага раёну. Тут пахаваныя ўсе ягоныя продкі. Таму, прыехаўшы ў сьнежні 2005 году, ксёндз Зьбігнеў адразу пачаў шукаць магчымасьці аднавіць 200-гадовы Барысаўскі касьцёл – і знайшоў такую магчымасьць. Ён збудаваў шыкоўную спартовую пляцоўку ля касьсцёлу, на якую прыходзіць моладзь з усяго Барысава. Ён заклаў тут яшчэ адзін касьцёл, і перадаў апеку над будаўніцтвам іншаму сьвятару. Відавочна, што Зьбігнеў Грыгарцэвіч успрыняў Беларусь не як чарговае месца службы, а як прытулак да канца сваіх дзён, як родную зямлю.

Я размаўляў зь вернікамі – і ніводзін зь іх не сказаў дрэннага слова на ксяндза Зьбігнева. Пра тое, як любіць яго паства, сьведчыць і факт, што за некалькі дзён людзі сабралі больш за 400 подпісаў пад зваротам да чыноўнікаў пакінуць ксяндза ў спакоі й працягнуць яму дазвол на рэлігійную дзёйнасьць. Людзі й зараз, пасьля ад’езду ксяндза, вераць у тое, што ён вернецца.

Мы размаўлялі са Зьбігневам Грыгарцэвічам перад самым Новым годам, за дзень да ягонага ад’езду. І дамовіліся напрыканцы размовы, што гэтае інтэрвію некалькі дзён пачакае. Пачакае на Калядны сьвяточны цуд. Пачакае, што ўлады адумаюцца.

Сёньня зранку я набраў нумар ягонага мабільнага тэлефона й пачуў.

(Аўтаадказчык): Абанэнт, якому вы тэлефануеце, недасяжны…

Калядны цуд не адбыўся. На аднаго каталіцкага сьвятара й проста добрага чалавека ў Беларусі стала меней.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства