viasna on patreon

Чарговая амністыя: вызваліць турмы, каб зноў запоўніць?

2009 2009-01-09T09:50:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnistyja.jpg

У Беларусі абвешчана пра падрыхтоўку чарговай амністыі, пад якую могуць патрапіць болей за 4 тысячы асуджаных. Ці адназначна добра тое, што на волю датэрмінова выйдуць людзі, прызнаныя злачынцамі?

“Паганяла” — гэта па-турэмнаму “мянушка”. Днямі вязень 5-й калёніі з паганялам “Гіз” даслаў ліст свайму былому суседу па камэры прадпрымальніку Валеру Леванеўскаму. Спадар Леванеўскі на маю просьбу цытуе:

“Піша вам Гіз. Сяджу зноў ужо год. Чаму? Дома не сядзелася, дык вось тут прыйдзецца… Напісаў бы раней, але Алекс таксама пайшоў па этапе, а больш ваш адрас узяць не было ў каго”.

Далей Гіз падрабязна пералічвае, куды, калі і хто з былых сукамэрнікаў “заехаў” — гэта значыць, зноў патрапіў у калёнію пасьля адбыцьця тэрміну, датэрміновага вызваленьня ці амністыі. Паводле Валера Леванеўскага, зноў за краты людзі трапляюць па тых жа артыкулах: хуліганства на глебе п’янства, крадзяжы, махлярства. Былы палітвязень перакананы, што амністыя шмат для каго таксама ператворыцца толькі ў зьмену турэмнага адрасу.

Што чарговая амністыя набліжаецца, стала вядома напярэдадні Новага году. У Нацыянальным сходзе пацьвердзілі: на вясновай сэсіі разгледзяць закон аб амністыі, прымеркаванай да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Улетку плянуецца выпусьціць на волю болей за 4 тысячы вязьняў, якія зьдзейсьнілі меней цяжкія злачынствы і адбылі хаця б чвэрць тэрміну.

Якія прычыны амністыі? Дэпутат Віктар Гумінскі, які ўзначальвае парлямэнцкую камісію па нацыянальнай бясьпецы, лічыць амністыю “актам гуманізму з боку дзяржавы”. “Законы аб амністыі выступаюць у якасьці інструмэнту дапамогі асуджаным, якія сталі на шлях выпраўленьня”, — кажа дэпутат Гумінскі.

Былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч мяркуе, што датэрміновае вызваленьне 4 тысяч вязьняў патрэбна толькі дзеля таго, каб вызваліць месцы для новых асуджаных:

“Леташняя амністыя была накіраваная на тое, каб больш грошай у бюджэт здабыць. Бо пад яе падпадалі ў асноўным тыя, каго асудзілі паводле эканамічных артыкулаў, і было дакладна гэтак: заплаці грошы, кампэнсуй страты ды ідзі на волю. І рэальна гэтым шмат хто скарыстаўся. А гэтая амністыя зьвязаная з сытуацыяй у турмах: зоны забітыя пад завязку, а людзей туды кідаюць усё новых і новых. А куды іх разьмяшчаць, калі там і без таго ложкі стаяць у тры ярусы?!”

Сяргей Парсюкевіч сядзеў у шклоўскай калёніі. Паводле яго, калі ў хуткім часе ня будзе амністыі, сытуацыя ў шмат якіх калёніях “стане непрадказальнай”.

Што чакае чалавека, які выйшаў на волю? Як колішні міліцыянт, Сяргей Парсюкевіч атрымлівае пэнсію, як былы прадпрымальнік — можа даць нейкую кансультацыю. Яго дачакалася жонка, не адвярнуліся сябры. Сяргей кажа, што без праблемаў вярнуцца ў цывільнае жыцьцё ўдаецца адзінкам. Астатнім наканавана паўтарэньне турэмнага лёсу. Ці гэта так?

У міністэрстве ўнутраных спраў заяўляюць: амністыя не прывядзе да росту злачыннасьці, і большасьць датэрмінова вызваленых адаптуюцца ў звычайнае жыцьцё. Дзеля гэтага, маўляў, ёсьць адпаведныя дзяржаўныя праграмы. Супрацоўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка спасылаецца на досьвед папярэдніх амністый:

“Заўважнага ўплыву на крымінагенную абстаноўку амністыі ня робяць. Ужо шмат гадоў зьніжаецца цяжкая і рэцыдыўная злачыннасьць. А што ёсьць крадзяжы, дык яны ёсьць паўсюль, і не абавязкова іх робяць тыя, хто рабіў раней. Пры амністыі мы шмат працуем з катэгорыямі асуджаных і потым шмат займаемся рэабілітацыяй”.

Алег Сьлепчанка спасылаецца на ведамасную статыстыку. Але Валер Леванеўскі, які адбыў за кратамі два гады, міліцэйскім дадзеным не давярае. Ён кажа пра заблытанасьць ведамасных справаздач, на падставе якіх робіцца выснова, што амністыі не павялічваюць злачыннасьць. Паводле зьвестак Валера Леванеўскага, толькі калі амніставаны вязень зноў патрапіць у ранейшую калёнію, гэта будзе адлюстравана ў адпаведнай статыстыцы і пагоршыць паказчык працы адміністрацыі. А калі ў іншую — быццам усё добра:

“Атрымліваецца замкнёнае кола: міліцыя вызваляе, міліцыя выхоўвае і міліцыя саджае. Самі ўчастковыя садзяць амніставаных зноў, каб тыя не стваралі на ўчастку крымінагенную сытуацыю. Як правіла, рэцыдыў сярод амніставаных і датэрмінова асуджаных вельмі высокі. Супрацоўнікі турмаў у прыватных размовах гэтак і казалі: хутка ўсе вернуцца. Толькі аднаму для вяртаньня трэба тры гадзіны, а другому паўгода”.

Валер Леванеўскі ведаў 18-гадовага хлопца, які вярнуўся за краты сам ужо праз тры дні: у роднай хаце з-за п’янства бацькоў немагчыма было знаходзіцца. Хлопец наўмысна нешта скраў, каб толькі зноў пасадзілі. “Што казаць, ён толькі ў турме і бачыў чыстую пасьцельную бялізну”, — не зьдзіўляецца Валер Леванеўскі.

Калі турмы перапоўненыя, а злачынстваў не становіцца меней, то сапраўды — дзе выйсьце, акрамя амністыі?

Былы судзьдзя Гары Паганяйла прапануе іншы шлях: часьцей ужываць пакараньні, не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі. Але пакуль, паводле Гары Паганяйлы, беларускім судзьдзям лягчэй пакараць чалавека “на поўную катушку”, бо тады ніхто не абвінаваціць у патураньні злачынцам, не западозрыць у карысьлівай зацікаўленасьці іх лёсам.

“Суды, якія знаходзяцца вышэй, сваім прыкладам не прымушаюць ніжэйшыя выкарыстоўваць альтэрнатыўныя пакараньні. Бо мала даваць такія рэкамэндацыі на нарадах, мы іх чуем дастаткова, а трэба наўпрост пры разглядзе касацыйных скаргаў самім ужываць мякчэйшыя пакараньні. А іх у законе дастаткова: штрафы, умоўныя пакараньні, знаходжаньне не пад вартай, а ў хатніх умовах”.

Ці варта чакаць, што паводле амністыі на волю выйдуць сапраўды меней вінаватыя?

Праваабаронца Кацярына Садоўская адбыла год у Гомельскай жаночай калёніі паводле артыкулу аб зьнявазе судзьдзі. Спадарыню Садоўскую, якая ніколі не прызнавала сябе вінаватай, вызвалілі датэрмінова, але не апраўдалі. Жанчына ня супраць таго, каб на волю выйшлі тысячы вязьняў, але яна супроць амністыі ў яе цяперашнім выглядзе: “Калі на волю выйдуць крымінальнікі ды бамжы, якія селі ў турму, каб перажыць зіму”, — тлумачыць Кацярына Садоўская. Яна мяркуе, што пракуроры і міліцыянты часта фабрыкуюць справы на заможных грамадзянаў, каб з гэтага абагаціцца. “Трэба найперш пераглядаць сотні падобных спраў і апраўдваць невінаватых”, — мяркуе Кацярына Садоўская.

“А што значыць пераглядаць справы і выносіць апраўданьне? Гэта значыць, людзям трэба выплачваць кампэнсацыю за маральныя страты ды караць тых, хто творыць усе гэтыя беззаконьні. Хіба Аляксандар Лукашэнка будзе гэта рабіць? Мне ня раз супрацоўнікі гэтай сыстэмы казалі: „Хай ён скажа дзякуй, што на сваіх дубінках трымаем ягоны рэжым“. Наўпрост гэтак і казалі”.

Ад 1994 году ў Беларусі было ўжо болей за 10 амністый. За гэты ж час колькасьць зьняволеных павялічылася з 30 да 45 тысяч чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства