У 2009 годзе АДС будзе вызначаць стратэгію ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах
"У 2009 годзе Аб`яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) будуць вызначаць стратэгію ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2011 года" — такое меркаванне палітолаг Юрый Чавусаў выказаў у інтэрв`ю БелаПАН.
"Аб адзінай стратэгіі сярод АДС гаварыць наўрад ці даводзіцца. Хтосьці будзе рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў з улікам вылучэння адзінага кандыдата. Аднак невядома, ці ўдасца гэта зрабціь", — сказаў ён.
На думку Ю.Чавусава, частка палітычных суб`ектаў "зацікаўленая ў вылучэнні ўласных кандыдатаў, каб захаваць сваю ідэалагічную ідэнтычнасць". "Некаторыя партыі, напрыклад, Партыя БНФ, ужо заяўляюць, што на прэзідэнцкіх выбарах будуць працаваць толькі на свайго кандыдата", — падкрэсліў ён.
Ю.Чавусаў лічыць, што ў 2009 годзе разгорнецца барацьба паміж гэтымі падыходамі. "Хутчэй за ўсё, з розным поспехам апазіцыя будзе карыстацца абодвума падыходамі. Для прыхільнікаў вылучэння адзінага кандыдата галоўнае не проста запусціць працэс яго фармальнага вылучэння (тактыка вылучэння больш-менш зразумелая), але і ўцягнуць у яго як мага больш палітычных суб`ектаў.
Палітолаг Валерый Карбалевіч таксама адзначае важнасць 2009 года для выпрацоўкі стратэгіі ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. "Патрэбна зразумелая стратэгія і тактыка. АДС неабходна дакладна вызначыцца, будзе ад дэмсіл удзельнічаць у выбарах адзіны кандыдат або іх будзе некалькі", — падкрэсліў ён.