viasna on patreon

У суд па годнасьць

2008 2008-12-22T16:54:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

 Сёньня суд Савецкага раёну Гомелю адклаў разгляд пазову грамадзкага актывіста, сябра АГП Леаніда Судаленкі на абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

Судзьдзя Сяргей Уласаў патлумачыў гэта тым, што на запыт з Камітэту дзяржкантролю ў суд пакуль не паступіў ліст, які й стаўся прычынай пазову, пададзенага грамадзкім актывістам.

Гаворыць Леанід Судаленка:

“Я зьвярнуўся ў суд, таму што супраць мяне вядзецца несумленная гульня. У свой час я быў абраны старшынём жыльлёва-будаўнічага каапэратыву, але ўжо блізу году ім не зьяўляюся. Аднак з каапэратыву ў Камітэт дзяржкантролю краіны накіраваны ліст, у якім мяне выстаўляюць несумленным старшынём і шантажыстам.

Як публічны чалавек я не магу пакінуць гэты паклёп без увагі — закранаюцца мой гонар і дзелавая рэпутацыя. Цяперашняе кіраўніцтва каапэратыву адмаўляецца ад ліста ў Камітэт дзяржкантролю. Таму праз суд я й хачу даведацца, каму спатрэбілася ўзводзіць на мяне паклёп”.

Наколькі вядома, ліст супраць актывіста пададзены ў Камітэт дзяржкантролю на фірмовым блянку жыльлёва-будаўнічага каапэратыву № 188 адміністрацыі Савецкага раёну. І падпісалі яго нібыта 62 чальцы каапэратыву.

Леанід Судаленка — старшыня гомельскага аддзяленьня рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі “Прававая ініцыятыва”. Сёлета ён балятаваўсяся ад АДС кандыдатам у дэпутаты Нацыянальнага сходу па Хойніцкай выбарчай акрузе № 47, але зьняў сваю кандыдатуру на знак пратэсту, калі ў склад участковых выбарчых камісій не ўключылі прадстаўнікоў апазыцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства