Суд прызнаў правамернай адмову ў правядзенні пікетаў, прысвечаных 60-годдзю Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека
19 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна г.Віцебска адбыўся разгляд скаргі праваабаронцы БКХ Паўла Левінава на забарону намесьніка старшыні гарвыканкаму Лосіча ў правядзенні шэрагу пікетаў, прысвечаных 60-годдзю Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Лосіч у чарговы раз даслаў у суд факс, у якім прасіў разгледзець скаргу ў яго адсутнасць у сувязі з "вялікай загружанасцю". Выканаўцам гэтых дакументаў з'яўлялася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы гарвыканкаму Пучкова.
Суддзя Рымша адмовіў праваабаронцу ў хадайніцтве аб пераносе судовага паседжання ў сувязі з няяўкай Лосіча. Тым самым Павел Левінаў быў пазбаўлены права атрымліваць адказы чыноўніка на свае пытанні. Усе пытанні павісалі ў паветры.
Падчас разгляду высветлілася, што рашэнне Віцгарвыканкаму ад 2003 года, якім вызначаны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе, не апублікавана, як таго патрабуе заканадаўства, у сродках масавай інфармацыі, пярэчанняў на скаргу ад Лосіча не паступіла.
Пры абвяшчэнні суддзёй матэрыялаў справы праваабаронца настаяў, каб яны былі абвешчаныя цалкам. Суддзя вымушаны быў апавяшчаць тэксты Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", якія былі прыкладзеныя да скаргі.
Разам з тым, вердыкт суддзі Рымшы: у задавальненні скаргі адмовіць.
Нагадаем, у снежні мінулага года Паўлу Левінаву таксама было адмоўлена ў правядзенні аналагічных пікетаў. Вычарпаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, ён падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Зараз скарга знаходзіцца там на разглядзе.