viasna on patreon

У Гомелі міліцыя ўзяла адбіткі пальцаў у незалежнага журналіста Дзмітрыя Кармазіна

2008 2008-12-19T11:17:13+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У 1-м аддзяленні Цэнтральнага РАУС Гомеля супрацоўнікі міліцыі ўзялі адбіткі пальцаў у журналіста, члена ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Дзмітрыя Кармазіна і апыталі яго наконт выбуху ў Менску на Дзень незалежнасці 3 ліпеня.

 
Як паведаміў Д.Кармазін, нягледзячы на тое што ён прапісаны ў Менску, а ў Гомелі жыве ў знаёмых, яму прыйшла позва з 1-га аддзялення міліцыі Цэнтральнага РАУС, дзе было ўказана, што ён павінен з'явіцца ў якасці сведкі да начальніка аддзялення Уладзіміра Шаршнёва.

 
Журналіст прыйшоў у аддзяленне са сваёй калегай Таццянай Бублікавай. "У адпаведнасці з Канстытуцыяй чалавек мае права на свайго законнага прадстаўніка", — патлумачыў Д.Кармазін.

 
У аддзяленні міліцыі Т.Бублікавай прапанавалі пакінуць памяшканне, пагражаючы прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці і складаннем пратакола за парушэнне парадку. Свае пагрозы міліцыянеры растлумачылі тым, што аддзяленне — рэжымны аб'ект. У гэты час следчы, які не назваўся, правёў апытанне Д.Кармазіна без пратакола.

 
"У прыватнасці, следчы сказаў, што яму непрыемна праводзіць апытанні і дактыласкапію, але гэта неабходна. Паводле яго слоў, ёсць загад міністра Уладзіміра Навумава, што ўсё мужчынскае насельніцтва павінна прайсці дактыласкапію, — заявіў Д.Кармазін. — Следчы цікавіўся, дзе я быў у дзень выбуху, хто можа пацвердзіць маё месцазнаходжанне, ці знаёмы я з выбуховымі і хімічнымі прыладамі, пытаўся, чым я магу дапамагчы следству".

12 снежня супрацоўнікі міліцыі ўзялі адбіткі пальцаў у старшыні савета прадпрымальнікаў гомельскага рынку "Цэнтральны" Аляксандра Рубчэні. Як паведаміў прадпрымальнік, прадстаўнікі праваахоўных органаў патлумачылі яму, што адбіткі пальцаў здымаюцца ва ўсіх жыхароў вобласці мужчынскага полу. "Міліцыянеры растлумачылі мне, што гайкі і балты, закладзеныя ў выбуховай прыладзе, былі зробленыя ў Добрушы, таму ўсіх мужчын Гомельскай вобласці правяраюць на дачыненне да выбуху", — перадаў словы міліцыянераў А.Рубчэня, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства