Віцебску патрэбуецца прытулак для бамжоў
Пабудаваць яго прапануюць навучэнцы медычнай вучэльні, якія праводзяць санітарную апрацоўку "асобаў бяз пэўнага месца жыхарства".
Адзіная мэдычная ўстанова, якая наўпрост апякуецца беспрытульнымі – гэта санпрапускнік Віцебскага занальнага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі.
Загадчыца, Сьвятлана Сінкевіч, распавядае, што тут ладзяць гігіенічную апрацоўку хворых на пэдыкулёз. Ахвотныя і дастаўленыя міліцыяй – усяго 477 чалавек – мыюцца ды здаюць адзеньне у адмысловую дэзынфекцыйную камэру з нагрэтай да 93 градусаў парай. Хоць гэтая працэдура адбываецца толькі два разы на тыдзень, сёлета затраты толькі на лекі (а многім даводзіцца аказваць дадаткова й мэдычную дапамогу) склалі 1,9 мільёна рублёў.
Аднак колькі ў рэгіёне бамжоў насамрэч, ня ведае сёньня ніхто.
– Бывае, за дзень зьвяртаюцца чалавек 20, – гаворыць памочнік ўрача-эпідэміёляга Раіса Разгунская. – У асноўным гэта тыя, хто яшчэ не апынуўся на самым дне жыцьця. Нашы пацыенты часам маюць і вышэйшую адукацыю, а то й нават дзьве, але ня могуць знайсьці выйсьця са становішча, у якое трапілі.
Практыку ў санпрапускніку праходзяць навучэнцы медвучэльні.
– Гэтых людзей дужа шкада, – кажа будучы фельчар Натальля Радкова. – Пасьля апрацоўкі яны зноў вяртаюцца ў свой асяродак. Зразумела, праз пэўны час вяртаюцца, каб хаця раз на паўгода памыцца ў гарачай вадзе. Дзяржава траціць вялікія сродкі на лекаваньне, бо часта яны прыходзяць зьбітыя і параненыя. Аднак без сыстэмнай працы – тое марная трата сродкаў. Патрабуюцца іншыя папдыходы.
– Найлепш было б адчыніць некалькі маленькіх сацыяльных прытулкаў, – лічыць аднакурсьнік Натальлі Яўген Рындзёнак. – Гэтыя беспрытульныя, часта пакрыўджаныя жыцьцём ды людзямі, бываюць вельмі канфліктныя. Напэўна, ім цяжка было б суіснаваць адно з адным – адзін хоча выбрацца з сытуацыі, у якую трапіў, другому ўжо ўсё адно… Але нейкі прытулак для іх абавязкова патрэбны, каб хаця было дзе пераначаваць і не замерзнуць.
…Круглы год у каробцы з картону, уцепленай з усіх бакоў рызьзём, жыве беспрытульная жанчына. Ейны "дом" знаходзіцца ў самым цэнтру гораду, недалёка ад ратушы і тэатру, у двары бугальтарскай школы. Настаўнікі і навучэнцы ведаюць, што часам яна прыходзіць у гэты будынак па ваду, уночы паліць вогнішча і нешта гатуе. Так працягваецца ўжо не адну зіму.
Ёсьць тыя, хто жыве нават на могілках – там час ад часу можна знайсьці ежу, пакінутую пасьля памінальнага стала. Асноўная ж маса беспрытульнікаў з наступленьнем халадоў уладкоўваецца бліжэй да цяпла – у каналізацыйных люках, закінутых дамах і падвалах. Нярэдка можна бачыць, як яны шукаюць сабе ежу або адзеньне ў сьметніках, але гэтага нібыта ніхто не заўважае.
Зьвяртаюць увагу на бамжоў толькі раз ці два на год – калі ў горадзе, да прыкладу, праходзіць "Славянскі базар". Тады пачынаецца масавы "адлоў" і вялікае "перасяленьне асобаў бяз пэўнага месцы жыхарства", да прыкладу, у ізалятар часовага ўтрыманьня. Кажуць, сёлета найбольш пашанцавала аршанскім бамжам: напярэдадні "Дажынак" іх зьвезьлі ў будынак Андрэеўшчынскай школы-інтэрнату і нават некалькі разоў на дзень бясплатна кармілі. Але, вядомы, гэты прытулак быў часовым, а іншага на Віцебшчыне пакуль няма.