Жыхары Аршаншчыны радаваліся юбілейным асобнікам Дэкларацыі
10 снежня аршанскія праваабаронцы нагадалі мясцовым уладам пра юбілейны год Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У гэты дзень супрацоўнікі раённага і гарадскога выканкамаў, адміністрацый мясцовых прадпрыемстваў атрымалі плакаты з тэкстам гэтага знакавага дакумента. Па словах арганізатара акцыі Васіля Леўчанкава, яе ўдзельнікі нават не чакалі такога пазітыўнага стаўлення да сваёй справы.
“9 снежня мы раздавалі насельніцтву юбілейныя асобнікі Дэкларацыі і інфармацыйныя ўлёткі на гарадскіх вуліцах, на прыпынках. А на наступны дзень разнеслі плакаты з поўным тэкстам Дэкларацыі па мясцовых прадпрыемствах і адміністрацыйных установах, расклейвалі на інфармацыйных тумбах гораду. Што цікава, рэакцыя паўсюль была амаль аднолькавая – станоўчая. Людзі казалі “Дзякуй! У нас гэтага няма!”. Дзяквалі таксама і супрацоўнікі адміністрацыяў, і вывешвалі падораныя ім плакаты”, - зазначыў Васіль Леўчанкаў.