viasna on patreon

Сёння – 60 гадоў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека

2008 2008-12-10T07:27:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dek2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 снежня 2008 года ўсё чалавецтва адзначае шасцідзесятыя ўгодкі прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Пасля Другой сусветнай вайны дзяржавы ўсяго свету вырашылі стварыць сусветную арганізацыю дзеля прадухілення злачынстваў, якія мелі месца ў нядаўнім мінулым, сумеснай працы на карысць міру і супрацоўніцтва паміж краінамі. У чэрвені 1945 года такая арганізацыя была створаная, яна атрымала назву Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Беларусь з’яўлалася адной з краін-заснавальніц ААН.

Адной з галоўных задач ААН стала абарона правоў чалавека, а першым прынятым у гэтым накірунку адмысловым дакументам -- Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, абвешчаная 10 снежня 1948 года. Дэкларацыя стала першым міжнародным афіцыйным прызнаннем таго, што ўсе людзі маюць роўныя правы і свабоды.

У Прэамбуле да Дэкларацыі адзначаецца: “Грэбаванне і пагарда да правоў чалавека прывялі да варварскіх актаў, якія абураюць сумленне чалавецтва, і стварэнне такога свету, у якім людзі будуць мець свабоду слова і перакананняў і будуць свабоднымі ад страху і нястачы, абвяшчаецца як высокае імкненне людзей”. Неабходна, каб “правы чалавека ахоўваліся ўладай закона ў мэтах забеспячэння таго, каб чалавек не быў вымушаны звяртацца ў якасці апошняга сродка да паўстання супраць тыраніі і прыгнёту”. Адной з 18 краінаў, прадстаўнікі якіх распрацоўвалі дадзены дакумент, была Беларусь. 

Дэкларацыя і сёння не згубіла сваёй актуальнасці. На яе прынцыпах заснаваныя міжнародныя дамовы па правах чалавека, якія маюць абавязковую юрыдычную сілу. Дэкларацыя застаецца асноўным зводам стандартаў у галіне правоў чалавека, якія атрымалі сваё развіццё і замацаванне ў нацыянальных канстытуцыях і асноўных законах.

На сённяшні дзень Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека з’яўляецца дакументам, які прызнаецца ўсімі дзяржавамі свету, у тым ліку –  Рэспублікай Беларусь. Наша дзяржава абавязалася паважаць, абараняць і забяспечваць нашыя з вамі правы. Аднак ці выконвае яна свае абавязацельствы? На жаль, прыходзіцца канстатаваць: у Беларусі захоўваецца сітуацыя непавагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў. Спынімся толькі на некаторых артыкулах Дэкларацыі.

Артыкул 3. Кожны чалавек мае права на жыццё, на свабоду і на асабістую недатыкальнасць.

Права на жыццё з’яўляецца неад’емным, і ніхто не можа пазбавіць чалавека жыцця, нават ад імя дзяржавы. Разам з тым, Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. Беларусь застаецца апошняй і з постсавецкіх дзяржаваў, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Да гэтага часу невядомы лёс беларускіх апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, бізнесмена Віктара Красоўскага, гвалтоўна выкрадзеных у 1999 годзе; з 2000 года невядомы лёс журналіста Дзмітрыя Завадскага. Міжнародная і беларуская супольнасць падазраюць у датычнасці да выкраданняў і магчымых забойстваў гэтых людзей вышэйшых службовых асобаў Беларусі.

Артыкул 19. Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх…

Увядзенне і навязванне дзяржаўнай ідэалогіі да мінімума абмежавала свабоду перакананняў, стала ідэйным падмуркам пераследу іншадумцаў. Пачынаючы з 1996 года, за выказванне свайго меркавання людзі проста аказваліся за кратамі, у краіне ўсталяваўся інстытут палітычных зняволеных.

У Беларусі устаноўлены татальны кантроль над інфармацыйнай прасторай, дзяржава манапалізавала падаўляючую большасць сродкаў масавай інфармацыі. СМІ фактычна пераўтварыліся ў прапагандыстаў дзяржаўнай палітыкі: з экранаў тэлебачання, дзяржаўных газет, радыё немагчыма пачуць альтэрнатыўнага пункту гледжана на унутраную і знешнюю палітыку, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя праблемы. Адначасова недзяржаўныя выданні апынуліся на мяжы выжывання, страціўшы магчымасці друкавацца ў Беларусі, распаўсюджвацца праз падпіску і кіёскі “Белсаюздруку”; многія з іх у такіх умовах проста перасталі існаваць.

Артыкул 20. Кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў.

Кожны з нас мае права выказаць сваё меркаванне па грамадска-значных пытаннях шляхам правядзення мірных сходаў, аднак рэалізаваць гэтае права на практыцы ў Беларусі амаль немагчыма. У выніку штогод сотні беларусаў арыштоўваюцца, пераследуюцца ў крымінальным і адміністратыўным парадку, пры гэтым сам факт выхаду ў публічнае месца з мэтай выказвання сваіх поглядаў, меркаванняў і перакананняў расцэньваецца ўладай як парушэнне. Пачынаючы з 2006 году, у краіне замацавалася практыка прэвентыўных затрыманняў грамадзянаў напярэдадні масавых мерапрыемстваў з традыцыйна абразлівым  абвінавачаннем у “дробным хуліганстве”.

Права на асацыяцыю з аднадумцамі значана абмежаванае ў Беларусі. Асноўную ўвагу дзяржава надае стварэнню праўладных грамадскіх аб’яднанняў, абмяжоўваючы дзейнасць незалежных. Масавая “зачыстка” недзяржаўных арганізацый, якая пачалася ў 2003 годзе, нанесла вялікія страты грамадзянскай супольнасці: праз суды былі ліквідаваныя сотні незалежных няўрадавых арганізацый, сярод якіх моладзевыя, праваабарончыя, асветніцкія і іншыя. Гэта прывяло да дэлегалізацыі значнай часткі грамадскага сектару, што выклікае асаблівую занепакоенасць у сувязі з наяўнасцю крымінальнай адказнасці за прыналежнасць і дзейнасць ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі (артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу). За  два гады па абвінавачанні ў падобным “злачынстве” было асуджана 14 чалавек, пяцёра з якіх былі пазбаўленыя волі.

Артыкул 8. Кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння ягоных асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй ці законам.

На сённяшні дзень у Беларусі адсутнічае незалежная судовая сістэма як самастойная галіна ўлады. Гэта робіць фактычна немагчымай абарону парушаных правоў грамадзянаў у судовым парадку, пазбаўляе грамадзянаў краіны права на незалежнае і справядлівае судовае разбіральніцтва, абмяжоўвае доступ да правасуддзя.

 

За сістэматычныя і грубыя парушэнні правоў чалавека кіраўніцтва Беларусі на працягу многіх гадоў з’яўляецца аб’ектам жорсткай крытыкі з боку ўплывовых міжнародных арганізацый. Пачынаючы з 2003 году, Генеральная Асамблея ААН прыняла пяць рэзалюцыяў па сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне, настойліва заклікаючы беларускі ўрад выправіць сітуацыю і забяспечыць выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў у гэтай галіне. За масавыя парушэнні правоў чалавека супраць вышэйшых службовых асобаў Беларусі, уключаючы прэзідэнта, былі ўжытыя санкцыі, у тым ліку -- забарона на ўезд на тэрыторыю краінаў Еўрапейскага Саюзу.

Паслядоўная пазіцыя міжнароднай супольнасці вымусіла беларускі ўрад зрабіць канкрэтныя крокі дзеля паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека. На працягу году на волю выйшлі палітычныя зняволеныя, адносна двух недзяржаўных газет знята забарона на распаўсюд праз “Белпошту” і “Белсаюздрук”, дазволена вярнуцца ў беларускія друкарні. Улічваючы гэта, Еўрапейскі Саюз прыняў рашэнне аб скасаванні на паўгода візавых санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі, за выключэнне тых асобаў, якія падазраюцца ў арганізацыі выкраданняў і магчымым забойстве палітыкаў і журналіста, візавыя абмежаванні захаваліся таксама ў адносінах да старшыні Цэнтральнай камісіі. 

У гэтай сітуацыі з’явіўся асцярожны аптымізм, што рэальныя крокі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыі ў краіне працягнуцца.

Мы, грамадзяне Беларусі, хочам жыць у дзяржаве, якая паважае, абараняе і забяспечвае нашыя правы, выконвае свае міжнародныя абавязацельствы. 

Віншуем Вас з шасцідзесятай гадавінай прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства