Актывіст нечакана даведаўся, што знаходзіцца ў вышуку
2 снежня актывіст Руху "За Свабоду" Ігар Салавей высветліў, што знаходзіцца ў вышуку. Пра гэта ён даведаўся, калі прыйшоў у Пінскі ваенны камісарыят. На яго адразу супрацоўнікамі ваеннага камісарыяту быў складзены пратакол па арт. 25.1 ч.3 КоАП РБ аб неяўке ў ваенкамат у той час, калі актывіст знаходзіўся за мяжой Беларусі.
- Пратакол я падпісваць адмовіўся, сказаўшы, што з ім нязгодны. Я знаходзіўся за межамі Беларусі, прыйсці па позве не мог. Лічу, што мая адсутнасць у Беларусі гэта не прычына пачатай адміністратыўнай справы. Сам пратакол не падпісаны ніводным працоўнікам ваенкамату, і ўвогуле не мае ніякай інфармацыі, акрамя нумару артыкула. Але суд павінен адбыцца адзінаццатага снежня. Сёння я яшчэ паспеў паразмаўляць з падпалкоўнікам, старшынёй атрада прызыва Купчынавым. Гэта тая ж самая асоба, якая год таму, у жніўні 2007 года мяне ўжо выклікала ў ваенны камісарыят і пасля размовы з ім у мяне адбыўся 4 гадзінны допыт КДБ. Тады яны мне пагражалі арыштам і тым, што пачнуць справу на мяне за здраду Радзіме і шпіянаж. Дык вось сёння я і запытаў у Купчынава якія ваенны камісарыят мае адносіны з КДБ, што адносна мяне. Разам яны супраць мяне? Падпалкоўнік згубіўся і не даў адказ, - гаворыць Ігар Салавей.
Раней Ігару Салаў'ю абмежавалі выезд з Беларусі, такое рашэнне вынес таксама ваенны камісарыят, гэта адбылося як раз пасля вяртання Ігара з Польшчы.